Як у Менску працуе «разумная» майстэрня, дзе ствараюць электраровары і квадракоптэры. ФОТА

Рэзка тоўстага жалеза і стварэньне фігурак з вадкіх палімэраў — далёка ня поўны сьпіс магчымасьцяў тэхналягічнай прасторы MakeIT.сenter у Менску. Яе кіраўнічы дырэктар Глеб Пагарэлаў упэўнены: у людзей павінна быць больш захапленьняў, а ў Беларусі можа зьявіцца нашмат больш усясьветна вядомых стартапаў.

«Мы вырошчваем ідэі»

MakeIT.сenter — гэта майстэрня для радыётэхнікаў, дзе кожны ахвотны можна скарыстацца высокатэхналягічным абсталяваньнем: ад 3D-прынтэра да лазэрнага гравёра. Яна распачала працу ў верасьні 2018 году і прымае па 10–15 чалавек на дзень. Ідэя і фінансаваньне належаць Алегу Кандрашову, кіраўніку менскай кампаніі EnCata, якая распрацоўвае і вырабляе прамысловыя прататыпы.

Прастора ў бункеры для працы з кампутарам і камунікацыі

«Гэта лябараторыя ў стылі hackspace (рэальнае, а не віртуальнае месца для сустрэчы людзей, якія маюць тэхнічныя і лічбавыя захапленьні. — РС). Тут заля працаваць з кампутарам, кавярня, прастора, дзе можна арандаваць абсталяваньне і працаваць на ім, — распавядае Глеб Пагарэлаў, які кіруе разьвіцьцём MakeIT.сenter. — У нас пахвілінная аплата, і за гадзіну ў сярэднім выходзіць два рублі, за месяц — 50–100 даляраў».

Паводле ягоных слоў, стваральнікі вырашылі зрабіць «ня проста майстэрню»: «У нас ёсьць плян і канцэпцыя: вырошчваць ідэі і дапамагаць ім рэалізоўвацца».

«Тут строгая архітэктура і строгія людзі»

Глеб Пагарэлаў

Глеб Пагарэлаў — 30-гадовы інжынэр. Ён нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу, скончыў політэхнічны ўнівэрсытэт, дзе вывучаў аўтаматызацыю вытворчасьцяў і робататэхніку. Потым працаваў па спэцыяльнасьці на заводзе — кіраваў праектамі па стварэньні робатаў, квадракоптэраў ды іншых прыладаў, для якіх трэба спалучаць радыёэлектроніку і праграмаваньне.

Два з паловай гады таму ён пераехаў у Менск — працаваць у беларускай кампаніі EnCata.

Менск напачатку падаўся чыстым і строгім, як і людзі тут.

«Беларус — гэта чалавек-какос. Цьвёрды і жорсткі звонку, ён раскрываецца пасьля. У Эўропе і ЗША чалавек можа ўсьміхацца, але ты разумееш: ён мае нешта, чаго ня кажа і наўрад ці раскажа табе», — кажа ён.

Істотным аргумэнтам пры пераезьдзе была мясцовая стартап-супольнасьць: як лічыць Глеб, у Беларусі ў яе ёсьць будучыня.

Глеб Пагарэлаў тлумачыць, на якой стадыі стартапам неабходная інфраструктура, каб стварыць прататып

Вада рэжа 45 мілімэтраў мэталу

Глеб сустракае нас у прамысловым раёне сталіцы на вуліцы Солтыса. Тут месьціцца гарадзкі тэхнапарк, а на яго тэрыторыі — хакспэйс. Побач — кампанія-заснавальніца тэхналягічнай прасторы EnCata.

Пры ўваходзе — званок і выява QR-коду: гэта графічны штрых-код для смартфона. Госьці націскаюць на званок, а карыстальнікі цэнтру скануюць код мабільным тэлефонам — і такім чынам рэгіструюцца на сайце і ідэнтыфікуюць сябе.

Цяжкія жалезныя дзьверы хаваюць за сабой бамбасховішча плошчай 300 квадратных мэтраў. Сьцены, рэзэрвуар для вады і падземная сыстэма вэнтыляцыі пафарбаваныя ў белае, шэрае і чырвонае. Тут зроблены рамонт, але ў выпадку вайны ці падобнай надзвычайнай сытуацыі арандатары мусяць аддаць памяшканьне Міністэрству абароны.

Уваход у бункер

Хакспэйс складаецца з пакояў з абсталяваньнем ды агульных тэрыторый накшталт кухні і пакою для адпачынку. Уздоўж сьцен стаяць вэндынгавыя апараты, дзе печыва, арэшкі і грачаная каша суседнічаюць з датчыкамі біцьця сэрца і мікрасхемамі — калі замаўляць іх у Кітаі самому, чакаць трэба будзе месяцамі.

Яшчэ больш матэрыялаў захоўваецца і прадаецца на складзе тут жа — усяго больш за 2500 найменьняў.

«Можна нешта набыць, бо кожны чалавек уносіць грошы на балянс свайго рахунку на сайце і карыстаецца ім», — расказвае Пагарэлаў.

З гэтага ж балянсу аплачваюць працу на прыладах: на паяльнай станцыі, што ў пакоі для працы з электронікай, альбо на 3D-прынтэрах у наступным памяшканьні. Два з трох прынтэраў «вырошчваюць» фігуры з вадкага матэрыялу пры дапамозе сьвятла. Трэці друкуе фігуры паслойна з маткоў плястыкавай сыравіны.

Пакой 3D-друку і памяшканьне для працы з электронікай

На асноўнай вытворчасьці шмат рознага абсталяваньня: тэрмагібачны і лазэрны станкі, дзе можна гнуць і кроіць акрыл, такарны станок і нават гідраабразіўны, што рэжа струменем вады кераміку ці мэтал таўшчынёй да 45 мілімэтраў без нагрэву.

«Ён рэжа звычайнай вадой, якая ліецца вельмі хутка — хутчэй за гук», — паказвае Пагарэлаў на мутную вадкасьць, якая выглядае надзвычай бяскрыўдна.

Станок для гідраабразіўнай рэзкі

Парадак паводле японскай канцэпцыі кіраваньня

Самы дарагі станок у MakeIT.сenter каштуе 60 тысяч даляраў, але калі падсумаваць кошт абсталяваньня, то атрымаецца нашмат большая сума. Як усё гэта падтрымліваюць спраўным і чыстым?

Калі каротка — праз сучасныя сыстэмы арганізацыі вытворчасьці, разумныя камэры і доступ да абсталяваньня праз QR-коды (ёсьць нават на кававарцы). Напрыклад, інструмэнты на стэндах абведзеныя контурам, і адразу відаць, які зь іх не на месцы. За стэндамі назіраюць разумныя камэры, бачаць нястачу — перадаюць інфармацыю сырэне. Тая нагадае, каб вярнулі.

Стэнд, дзе кожны інструмэнт абведзены па контуры. Насупраць за ім назірае камэра

Такая ідэя арганізацыі працоўнага месца называецца 5S і ўзятая з канцэпцыі кіраваньня вытворчасьцю Lean, якая ставіць галоўнай мэтай ашчаднасьць. Упершыню яе пачалі выкарыстоўваць на вытворчасьці аўтамабіляў Toyota.

Шафы ў MakeIT.сenter або адкрытыя, або з празрыстымі дзьверцамі, каб за імі не ўтвараўся беспарадак. А замяніўшы ручнікі ці забраўшы апошні экзэмпляр любога расходніку, трэба ўзяць адмысловую папяровую картку «канбан», названую так па аналёгіі з папулярнай у ІТ-сьвеце сыстэмай арганізацыі вытворчасьці. Картку трэба пакласьці ў скрынку побач, адкуль раніцай яе забярэ адміністратар. Так ён даведаецца, што трэба набыць.

Картка «канбан» для папяровых ручнікоў

«Карткі ёсьць на ўсёй прадукцыі, і гэта дазваляе не захоўваць лішняга, не замарожваць грошы. Плюс нам ня трэба дадаткова ўтрымліваць аддзел закупкі ці кантраляваць склад», — кажа Пагарэлаў.

Паўсюль — электронная ідэнтыфікацыя

Глеб Пагарэлаў скануе QR-код

Каб скарыстацца любой прыладай першы раз, трэба прачытаць інструкцыю і здаць па ёй онлайн-тэст, а таксама тэст па тэхніцы бясьпекі.

«Любы чалавек можа прыйсьці сюды і самастойна, з нуля навучыцца карыстацца абсталяваньнем за дзень-два. Гэта ўсё бясплатна. Інструкцыю складаем мы самі: узгадняючы з асноўнай, пішам сваімі словамі. Да таго ж мы здымаем відэа», — тлумачыць дырэктар.

Пры наступным карыстаньні чалавек пачынае з таго, што ацэньвае стан прылады смайлікам: добры, нэўтральны ці кепскі. Калі кепскі — дасылае апісаньне і фота.

Потым ён браніруе час карыстаньня і бачыць кошт, у які ўключаныя матэрыялы. Праца за сваім кампутарам, карыстаньне кухняй і гульнявой прыстаўкай у пакоі адпачынку — задарма.

На кухні

Тым часам адміністратар залічвае адзнаку, выстаўленую папярэдняму карыстальніку, у так званую карму — аналяг рэйтынгу. Калі рэйтынг падае, то чалавек паступова страчвае доступ да абсталяваньня: першым чынам блякуюць кававарку, апошнім — уваходныя дзьверы.

«Мы заўважылі: толькі некалькі чалавек ствараюць кепскае ўражаньне пра ўсю групу. Фактычна адзін-два чалавекі не падтрымліваюць чысьціню і не выконваюць правілы», — камэнтуе Глеб Пагарэлаў.

Добрая навіна: «карму» можна палепшыць, выконваючы бягучыя задачы, ад мыцьця падлогі да рамонту. У выніку ў лябараторыі такая чысьціня, якая рэдка бывае сумяшчальная з прысутнасьцю дзясятка чалавек штодня.

«Гэта працуе, і нашая задача — вырасьціць такую супольнасьць, якая будзе трымацца нашай філязофіі. То бок будзе вучыцца карыстацца абсталяваньнем і выконваць правілы, падтрымліваць чысьціню і спраўнасьць абсталяваньня. Працуючы правільна, чалавек будзе ствараць правільны прадукт», — лічыць Глеб Пагарэлаў.

Каркас будучага вырабу

Хто карыстаецца хакспэйсам

Прыйсьці ў MakeIT.сenter можа хто заўгодна, але мэтавая аўдыторыя дакладна вызначаная.

«Асноўная маса нашых наведнікаў — стартапэры. Яны робяць рэчы, прадаюць іх, знаходзяць інвэстараў. Тут зьбіраюць электраровары, квадракоптэры, скейты... І гэта складаныя рэчы, улічваючы, што ровар ня проста набываюць у краме і дадаюць электрарухавік. Усё з нуля, у тым ліку рамы», — кажа суразмоўца.

Тут стартапы распрацоўваюць першыя мадэлі сваёй будучай прадукцыі — прататыпы. Гэтыя працы можна замовіць, але звычайна акурат на этапе прататыпу ў стартапаў вельмі мала грошай.

«Гэтая пляцоўка — інфраструктура. Адсутнасьць абсталяваньня, матэрыялаў і ведаў замінаюць рабіць сапраўдныя рэчы. Можна месяцамі глядзець відэаўрокі на Youtube, але чалавек, які мае вопыт, за 5 хвілін падкажа, як правільна зрабіць электрычную схему, — кажа Глеб Пагарэлаў.

Ізаляваныя ад гуку кабіны для працы з праектаваньнем

У бункер на Солтыса, 187 прыходзяць ня толькі стартапэры. Сярод карыстальнікаў — людзі, якія любяць працаваць рукамі і ствараюць ложак для дачкі, дзьверы ў дом, нешта для машыны.

«Ім зручна, таму што дома няма такога абсталяваньня — і таму што тут вучаць. Школьныя ўрокі працы былі 30–40 гадоў таму, а сучасныя інструмэнты ўжо моцна разьвіліся», — кажа Глеб Пагарэлаў.

Астатнія — стваральнікі вонкавай рэклямы, супрацоўнікі бізнэсаў, такіх як станцыі тэхабслугоўваньня аўтамабіляў ці сэрвісныя цэнтры па рамонце тэхнікі. Часам тут праходзяць майстар-клясы для студэнтаў унівэрсытэтаў і іх выкладчыкаў, а раз на месяц — лекцыі.

«Наступная прастора будзе ў Расеі. Ці ў Баранавічах»

Ці ёсьць іншыя падобныя месцы ў Менску?

«Я чуў пра „Хакерспэйс“ (падобная прастора-майстэрня ў Менску. — РС.), але ня быў там. Быў у падобных месцах у іншых краінах, і ўсе яны розныя. Калі дзесьці канцэпцыя — ствараць, то наша мэта — дапамагчы зьяўленьню праектаў», — кажа прадстаўнік MakeIT.сenter.

Стэляжы, дзе можна арандаваць месца, каб захоўваць рэчы

Глеб Пагарэлаў бярэ ў супрацоўнікі толькі людзей з уласнымі праектамі. Ён упэўнены, што захапляцца якой-небудзь справай — жыцьцёвая неабходнасьць.

«Да нас ідзе вялікая плынь людзей, і я спачатку быў вельмі натхнёны. Яны кажуць пра нешта нерэальна крутое, але суадносіны тых, хто гаворыць і хто робіць, — 10:1. Хацелася б, каб людзі не баяліся пачынаць, каб ім было цікава і каб яны больш займаліся самаадукацыяй».

Ён кажа, што на постсавецкай прасторы адсутнасьць цікавасьці да жыцьця — вялікая праблема, хоць «магчымасьцяў цяпер проста не зьлічыць».

Склад

Стваральнікі MakeIT не выключаюць пашырэньня праекту на суседнія краіны.

«Меркавана, наступная прастора будзе ў Расеі ці нават у Беларусі: нам паступіў запыт з Баранавічаў. Галоўнае, каб у людзей там была мэта, а сродкі знойдуцца», — кажа Глеб Пагарэлаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расеец прадаў кватэру, каб распрацоўваць у Менску зарадныя станцыі для электрамабіляў. ВІДЭА

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Робат будзе ў кожнай хаце». Як беларус стварыў кампанію па вытворчасьці «разумных» робатаў