У Лёндане невядомы пратараніў машыну ўкраінскага пасла

Месца здарэньня, Лёндан

Невядомы мужчына ўрэзаўся ў дыпляматычны аўтамабіль, на якім езьдзіць амбасадар Украіны ў Вялікабрытаніі Натальля Галібарэнка. Інцыдэнт адбыўся непадалёк ад украінскай амбасады ў Лёндане, калі машына стаяла на паркоўцы.

Паліцыя затрымала падазраванага са стралянінай. Супрацоўнікі амбасады не пацярпелі.

У заяве амбасады Ўкраіны гаворыцца, што ўжо пасьля таго, як паліцэйскія акружылі машыну падазраванага, ён яшчэ раз пратараніў аўтамабіль амбасадара. У дыпмісіі ўпэўненыя, што абодва разы мужчына тараніў аўтамабіль наўмысна.

Паліцыя Лёндана дадае, што падазраваны паспрабаваў накіраваць машыну і на паліцэйскіх, пасьля чаго яны адкрылі агонь. У сацсетках пішуць, што ўсяго было чуваць каля дзесяці стрэлаў.

У паліцыі сьцьвярджаюць, што падазраваны не атрымаў сур’ёзных траўмаў. Ён затрыманы і знаходзіцца ў адной зь лёнданскіх бальніц, яго асоба высьвятляецца. Пакуль паведамляецца толькі, што яму каля 40 гадоў. Матыў нападу пакуль таксама не вядомы, але ў паліцыі напад ня лічаць тэрактам.