Зорка польскага кіно адкрые кінафэстываль «Вісла» ў Менску і Віцебску

Кадр з мастацкага фільму "Халодная вайна", рэжысэр Павал Паўлікоўскі

У Беларусь чарговым разам завітае Фэстываль польскага кіно «Вісла». Сёлета кінэматаграфічныя навінкі можна паглядзець ня толькі ў Менску (кінатэатар «Цэнтральны», 12–16 красавіка), а і ў Віцебску (кінатэатар «Мір», 13–14 красавіка).

У праграме фэстывалю — лепшыя фільмы апошніх гадоў, прызнаныя польскімі і замежнымі гледачамі. Адмысловай госьцяй — папулярная акторка Караліна Брухніцка.

«У кіно, як у калейдаскопе, пераплятаюцца гісторыі сьмешныя і трагічныя, поўныя напружаньня і жудасныя, саркастычныя і з горкім расчараваньнем. Мы адкрыем гледачам выдатныя дэбюты і новыя карціны творцаў, якія ўжо пасьпелі сабраць цэлую калекцыю кінаўзнагародаў. Спадзяемся, што сапраўдныя эмоцыі, яркія героі і думкі застануцца ў памяці яшчэ надоўга пасьля завяршэньня сэансаў», — расказаў дарадца амбасады Польшчы ў Беларусі Аркадыюш Клембек.

Праграмы ў Менску і Віцебску адкрые фільм «Дачка трэнера» — драма Лукаша Гжэгорчыка, якая расказвае пра самаадданасьць, нерэалізаваныя амбіцыі, імкненьне да незалежнасьці. Спэцыяльнымі гасьцямі паказаў будуць выканаўца галоўнай ролі Караліна Брухніцка і мэнэджарка фэстывалю Натальля Валька.

У рэпэртуарным пераліку — мастацкі фільм «Халодная вайна», які сёлета намінаваўся на прэмію «Оскар», а таксама «Вежа. Сьветлы дзень», «Прыступ панікі», «Юліюш», «Богі», «Вольт», «Гатовыя да ўсяго».