Мэй зноў папрасіла ЭЗ перанесьці Brexit — на 30 чэрвеня

Тэрэза Мэй і Дональд Туск

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй афіцыйна папрасіла Эзразьвяз аб новай адтэрміноўцы Brexit.

У лісьце, накіраваным кіраўніку Эўрапейскай рады Дональду Туску, яна прапануе перанесьці дату выхаду Брытаніі з ЭЗ з 12 красавіка на 30 чэрвеня.

Мэй адзначае, што Брытанія гатовая правесьці выбары ў Эўрапарлямэнт у канцы траўня. Правядзеньне выбараў — адна з умоваў, якую раней выстаўляў ЭЗ для пераносу даты Brexit.

Пры гэтым брытанскі прэмʼер выказала надзею, што парлямэнт усё ж ухваліць пагадненьне аб выхадзе з ЭЗ раней дня выбараў. Тады выбары не спатрэбяцца і сам Brexit можа адбыцца раней, чым 30 чэрвеня.

Лідэры ЭЗ павінны разгледзець запыт Мэй на саміце 10 красавіка. Калі яны адмовяць, пагражае выхад Брытаніі з ЭЗ 12 красавіка без усялякага пагадненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія: «жорсткі» Brexit усё больш верагодны

Брытанская Палата грамадаў на гэтым тыдні перавагай у адзін голас прыняла адмысловы законапраект, які абавязвае прэмʼера папрасіць аб адтэрміноўцы Brexit, каб пазьбегнуць выхаду з ЭЗ без пагадненьня.

Пры гэтым дэпутаты ўжо тры разы адмовіліся ўхваліць пагадненьне аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ і не змаглі прапанаваць якой-небудзь альтэрнатыўны падыход да Brexit.

Зараз ідуць перамовы паміж Мэй і лідэрам апазыцыйных лейбарыстаў Джэрэмі Корбінам, на якіх ідзе пошук кампрамісу. Аднак пазыцыі бакоў пакуль не супадаюць. Лейбарысты патрабуюць зьмякчэньня ўмоваў Brexit або паўторнага рэфэрэндуму.