Кангрэс ЗША запатрабаваў поўную вэрсію дакладу пра «расейскі сьлед»

Спэцыяльны пракурор ЗША Робэрт Мюлер

Юрыдычны камітэт палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША запатрабаваў поўную вэрсію дакладу спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера па справе аб верагодным ўмяшаньні Расіі ў прэзыдэнцкія выбары ў 2016 годзе. За выдачу адпаведнай позвы прагаласавалі 24 кангрэсмэны, супраць выказаліся 17.

Рашэньне дазволіць старшыні камітэту Джэралу Надлеру выклікаць для дачы паказаньняў былых памочнікаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. У тым ліку былых дарадцаў — Стыва Бэнана і Дональда Макгана.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спэцслужбы затрымалі грамадзянку КНР пры спробе пракрасьціся ў маёнтак Трампа

Як адзначае Reuters, парадак дня можа выклікаць супрацьстаяньне паміж Кангрэсам і Міністэрствам юстыцыі ЗША. Раней генэральны пракурор ЗША Ўільям Бар заявіў, што апублікуе даклад Мюлера, але ў сярэдзіне красавіка, а не да другога красавіка, як гэтага патрабавала большасьць кангрэсу ад Дэмакратычнай партыі. Цяпер мяркуецца, што даклад будзе апублікаваны без сакрэтных дадзеных, якія ў ім утрымліваюцца. Гэта не задавальняе як дэмакратаў, гэтак і многіх рэспубліканцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Трамп запатрабаваў ад КНДР перадаць увесь ядзерны арсэнал Амэрыцы

Даклад Мюлера пра вынікі расьсьледаваньня «расейскага сьледу» быў перададзены ў офіс генэральнага пракурора 22 сакавіка.

Аб завяршэньні расьсьледаваньня верагоднага ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары 2016 году генэральны пракурор ЗША паведаміў 24 сакавіка. Уільям Бар у сваім лісьце пазначыў, што Мюлер не знайшоў фактаў парушэньня законаў Трампам. Пры гэтым сьледчыя выявілі два асноўныя эпізоды расейскага ўмяшаньня — распаўсюд дэзінфармацыі ў сацыяльных сетках у парушэньне закону, а таксама хакерскія атакі, у выніку якіх, у прыватнасьці, былі выкрадзены дакумэнты з сэрвэра Дэмакратычнай партыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бі-бі-сі выбачылася перад Парашэнкам за артыкул пра «платную» сустрэчу з Трампам

Спэцпракурор ЗША Роберт Мюлер склікаў вялікую калегію прысяжных для расьсьледаваньня «расейскага сьледу» ў пачатку жніўня 2017 году. Ад пачатку працы група Мюлера вылучыла больш за 200 абвінавачаньняў 34 фізычным і двум юрыдычным асобам. 26 абвінавачаных — грамадзяне Расеі. Шасьцёра — былыя дарадцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа: былы дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Майкл Флін, былы кіраўнік выбарчага штабу Пол Манафорт, былы намесьнік кіраўніка выбарчага штабу Рык Гейтс, былы асабісты адвакат Трампа Майкл Коэн і былы дарадца Трампа Роджэр Стоўн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што былы адвакат Трампа сказаў Кангрэсу