У Магілёве двое хлопцаў і дзяўчына «палявалі на нацыстаў»

Сьледчы камітэт, Менск

У Магілёве расьсьледуюць крымінальную справу адносна двух хлопцаў і дзяўчыны, якія шукалі ў інтэрнэце «нацыстаў» і прызначалі ім сустрэчу, каб правучыць.

Пачатая справа аб хуліганстве і незаконным пазбаўленьні волі. Хлопцы, якім 21 і 27 гадоў, узятыя пад варту, а 19-гадовая дзяўчына цяпер пад хатнім арыштам.

Пра гэта паведамілі tut.by у абласным упраўленьні Сьледчага камітэту.

У жніўні 2018 году маладыя людзі пасьля перапіскі ў інтэрнэце сустрэліся з 17-гадовым хлопцам у двары дома. Пырснулі зь пярцовага балёнчыка, а пасьля зацягнулі падлетка ў закінутую адрыну, сілком яго там утрымлівалі, пагражалі расправай.

Хлопцы датычныя яшчэ як мінімум да двух падобных эпізодаў. Паводле БелТА, у сацыяльнай сетцы падазраваныя знаходзілі маладых людзей, якія нібыта прытрымліваюцца нацысцкіх поглядаў, і прызначалі ім сустрэчы. Яны распылялі ім у вочы вадкасьць з газавага балёнчыка і зьбівалі іх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 3 тысячы актыўных прыхільнікаў нацызму і нэанацызму, — міністар Шуневіч

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лавілі «на жыўца», аблівалі зялёнкай. 11 жыхароў Гомля судзілі за зьдзекі з геяў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паляўнічых на пэдафілаў ужо судзяць