Юлія Цімашэнка адмовілася абскарджваць паразу на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны

Юлія Цімашэка

Лідэрка апазыцыйнай украінскай партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка адмовілася абскардзіць у судзе вынікі першага туру прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Пра гэта яна паведаміла на прэс-канфэрэнцыі 2 красавіка.

Яна абвінаваціла прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку ў фальсыфікацыі галасаваньня і заявіла, што ня будзе падтрымліваць ні аднаго з кандыдатаў, якія выйшлі ў другі тур.

31 сакавіка ва Ўкраіне прайшоў першы тур выбараў прэзыдэнта. Паводле зьвестак ЦВК Украіны, пасьля апрацоўкі 98,7 адсотка бюлетэняў, Цімашэнка заняла трэцяе месца ў галасаваньні, набраўшы каля 13,5 адсотка галасоў.

Першыя два месцы занялі комік Уладзімір Зяленскі (30,2 адсотка галасоў) і дзейны прэзыдэнт Пятро Парашэнка (15,9 адсотка). ЦВК плянуе абвясьціць вынікі першага туру выбараў да 10 красавіка. На 21 красавіка заплянаваны другі тур галасаваньня.