Амаль палова расейцаў (48%) ня лічаць неабходным аб’яднаньне Расеі і Беларусі. 18 адсоткаў дапусьцілі аб’яднаньне на раўнапраўнай аснове і амаль столькі ж — толькі пры ўмове ўваходжаньня Беларусі ў склад Расеі. Пра гэта сьведчаць дадзеныя апытаньня Ўсерасейскага цэнтру вывучэньня грамадзкай думкі (УЦДГМ), піша газэта «Известия».
30% апытаных лічаць сёньняшнія сувязі дзвюх краінаў нармальнымі, 22 % — прыязнымі, 15% — добрымі і добрасуседзкімі. Варожасьць у адносінах адзначыў кожны соты апытаны, на напружанасьць у адносінах указалі 9 чалавек са 100.
Адзначаецца, што 51% апытаных расейцаў у 2019 годзе ўпершыню пачулі пра тое, што 20 гадоў таму краіны дамовіліся аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, і толькі 10% добра ведаюць пра аб’яднаньне.
1 сакавіка кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падчас так званай «Вялікай размовы» сьцьвярджаў, што 98% беларусаў выступяць супраць уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі, калі падобнае пытаньне будзе вынесенае на рэфэрэндум. Паводле Лукашэнкі, «беларусы хочуць быць разам з Расеяй», бо «братоў не выбіраюць», але пры гэтым «жыць у сваёй кватэры».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «98% беларусаў супраць аб’яднаньня з Расеяй». Лукашэнка выступае, мы цытуем і камэнтуем. ЖЫВЫ БЛОГНапярэдадні стала вядома, што Расея дасьць Беларусі дзяржаўны крэдыт у памеры 600 мільёнаў даляраў для рэфінансаваньня пазык, якія Масква давала Менску раней. Рашэньне аб гэтым прыняў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.
Пра тое, што Беларусь звярнулася да Расеі па крэдыт на 600 мільёнаў даляраў для рэфінансаваньня доўгу, стала вядома ў канцы лютага. Тады ж Лукашэнка адзначаў, што Беларусь нельга называць «нахлебніцай» Расеі, бо яна атрымлівае ад Масквы крэдыты на нявыгадных умовах. За шэсьць гадоў Беларусь пазычыла ў Расеі $9,7 мільярда, аддала — $4,2 мільярда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі грошай Беларусь пазычае ў Расеі. ІНФАГРАФІКА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: Менск і Масква абмяркоўвалі Пуціна як будучага кіраўніка Саюзнай дзяржавы