Адзін раён Лукашэнка крытыкуе, другі хваліць. Параўноўваем

64,7 мільёна даўгоў і рэнтабэльнасьць у 2,8%. Свабода паглядзела, чым адрозьніваецца «апальны» Шклоўскі раён ад «добрага» Рэчыцкага.

Як за кароў «паляцелі галовы»

Аляксандар Лукашэнка 26 сакавіка наведаў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласьці і заехаў на малочны комплекс «Сьліжы», што ўваходзіць у аграхолдынг «Купалаўскае». Там ён абурыўся ўмовамі, у якіх утрымліваюць кароў. Гэта каштавала пасады кіраўніку Магілёўскай вобласьці Ўладзімеру Даманеўскаму, віцэ-прэм’еру Міхаілу Русаму, міністру сельскай гаспадаркі Леаніду Зайцу. Глядзім, ці сапраўды Шклоўскі раён такі адсталы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі крыўдна мне за „Асьвенцім“, хлопцы!» Рэпартаж з той самай малочнай фэрмы. ФОТА

Шклоўскі

Сёлета ў студзені-лютым сярэдні заробак у Шклоўскім раёне быў 804 рублі, паводле Белстату. Гэта на 177 рублёў ніжэй за агульнанацыянальны ўзровень. Вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі за год прырасла на 0,5%. Вытворчасьць малака — 18,1 тысяч тонаў. Сярэдні ўдой з каровы ў кіляграмах за год — 828. Напрыклад, у Глускім раёне гэты паказчык удвая ніжэйшы.

Прыбытак арганізацый у студзені-лютым — 1 мільён рублёў. Рэнтабэльнасьць арганізацый — 6,9%. У раёне 23% ад усіх арганізацый стратныя. Запазычанасьць арганізацый па крэдытах і пазыках — 50,4 мільёна. Экспарт гатовай прадукцыі — 11,1 мільёна даляраў.

А што ў раёне, які Лукашэнка хваліў?

Рэчыцкі

У красавіку 2017 году Аляксандар Лукашэнка наведаў Рэчыцкі раён і пахваліў яго. Ён сказаў, што ў гэтым раёне адчуваецца «гаспадарчы падыход». Пра гэтую паездку паведамляла БелТА.

«У Рэчыцы парадак, малайцы!» — ацаніў тады Лукашэнка стан раёну.

Глядзім, што стала з раёнам праз два гады. Пры параўнаньнях трэба мець на ўвазе, што ў Рэчыцкім раёне ў тры з паловай разы больш насельніцтва, чым у Шклоўскім (97 188 супраць 26 948 чалавек, паводле дадзеных Белстату на люты 2019 году).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя пачалі зьмяшчаць акцэнты», — Лукашэнка пра рэакцыі на ягоны «разнос» у кароўніку

Вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі ў Рэчыцкім раёне, па дадзеных Белстату за студзень-люты гэтага году, прырасла за год толькі на 0,4% (менш, чым у Шклоўскім, на 0,1%). Малака вырабілі 14,6 тысяч тонаў (менш на 4 тысячы тонаў).

Сярэдні ўдой з каровы ў кіляграмах за год — 776 (менш на 52 тоны).

Усе арганізацыі Рэчыцкага раёну зарабілі за студзень-люты 620 тысяч рублёў (на 380 тысяч менш, чым у Шклоўскім). Рэнтабэльнасць арганізацый у 2,5 раза меншая, чым у раскрытыкаваным Шклоўскім раёне. Экспарт прадукцыі з прадпрыемстваў Рэчыцкага раёну за студзень-люты склаў 9,2 мільёна даляраў (амаль на 3 мільёны менш, чым у апальным Шклоўскім).

Затое сярэдні заробак у Рэчыцкім раёне — 1043 рублі, што на 200 рублёў больш, чым атрымліваюць жыхары Шклоўскага раёну. Але больш у раёне і крэдытаў з запазычанасьцямі — 64,7 мільёна.