Высьмейваў Лукашэнку. Што трэба ведаць пра лідэра ўкраінскіх выбараў Уладзіміра Зяленскага

Уладзімір Зяленскі і яго жонка Алена рэагуюць на вынікі падліку галасоў у перадвыбарчым штабе ў Кіеве. 31 сакавіка 2019 году

Чакаецца, што ў другі тур прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, які адбудзецца 21 красавіка, пройдзе апанэнт прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі, які займае па выніках першага туру першае месца. Свабода сабрала самае важнае пра кандыдата.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падлічылі 80% галасоў: Зяленскі і Парашэнка выходзяць у другі тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны

Палітыкай раней не займаўся

Уладзіміру Зяленскаму 41 год. Да выбараў 2019 году палітыкай ніколі не займаўся.

Комік і прадусар

Уладзімір Зяленскі

​Вядомы як актор, комік, прадусар, сцэнарыст, шоўмэн. Кіраўнік «Студыі Квартал-95». У 2010–2012 гадах працаваў прадусарам тэлеканала «Інтэр», які ўваходзіць у мэдыягрупу Inter Media Group, зьвязаную з украінскім алігархам Дзьмітрыем Фірташам і бізнэсоўцам Сяргеем Лёвачкіным — кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Віктара Януковіча.

Атрымаў мэдыятрыбуну ў алігарха Каламойскага

Сацыёлягі пачалі яго ўключаць у прэзыдэнцкія рэйтынгі вясной 2018 году — тады яго падтрымлівалі каля 5 % украінцаў. У навагоднюю ноч на 1 студзеня 2019 году ён абвясьціў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты. Адпаведную заяву замест навагодняга віншаваньня прэзыдэнта Пятра Парашэнкі трансьляваў тэлеканал «1+1», які належыць украінскаму алігарху Ігару Каламойскаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто чыя марыянэтка? Зяленскі і Парашэнка спадзяюцца на перамогу ў другім туры выбараў ва Ўкраіне

За ўвесь час сваёй палітычнай дзейнасьці актор толькі тройчы сустракаўся з журналістамі і заўсёды адмаўляўся ад удзелу ў праграмах у жывым этэры. Яму закідаюць заступніцтва вядомага ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага, які ня ўтойвае антыпатыі да цяперашняга прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Што праўда, прамое фінансаваньне выбарчай кампаніі актора Каламойскі зьняпраўджвае.

Плякат з выявамі ўкраінскага артыста і кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзіміра Зяленскага і алігарха Ігара Каламойскага. Львоў, 8 лютага 2019 году

Вёў кампанію ў сацсетках

Традыцыйную выбарчую кампанію Ўладзімір Зяленскі фактычна не праводзіў — ён факусуецца на сацыяльных сетках, гастролях па краіне з гумарыстычным праектам «Квартал-95» і на здымках сэрыялу «Слуга народу», якія, па сутнасьці, і забясьпечылі яму рэйтынгавы посьпех.

Высьмейваў Лукашэнку

Уладзімір Зяленскі

​У сваёй творчасьці ён неаднойчы высьмейваў Аляксандра Лукашэнку, але спадзяецца, што той мае пачуцьцё гумару:

«Паглядзіце, калі ласка, любое шоў — амэрыканскае ці эўрапейскае, бо менавіта ў тым кірунку разьвіваюцца дэмакратычныя краіны. Паглядзіце — усе сьмяюцца з палітыкаў, з кіраўнікоў краінаў. Прэзыдэнты, у якіх выдатнае пачуцьце гумару, яны ўсе разумныя».​

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давярае Лукашэнку. Што трэба ведаць пра кандыдата і прэзыдэнта Пятра Парашэнку

Журналісты знайшлі ва ўкраінскага коміка кінабізнэс у Расеі

Журналісты праграмы «Схемы» знайшлі тры расейскія кампаніі, якія займаюцца вытворчасьцю кіно і тэлевізійных праграм: «Вайсбэрг пікчэрз», «Плятынумфільм» і «Грын Філмс». Заснавальнік усіх трох кампаній — зарэгістраваная на Кіпры Green Family Ltd, яна ж зьяўляецца сузаснавальнікам ТАА «Квартал 95», канчатковым бэнэфіцыярам якога пазначаны Ўладзімер Зяленскі і яго партнэры. У Расеі гэтыя тры кампаніі з 2014 па 2017 год зарабілі каля 13 мільёнаў даляраў.

Зяленскі ў інтэрвію ў сьнежні 2018 году заявіў, што апошні фільм у Расеі ён рабіў у 2012 годзе, у эфір ён выйшаў у 2014-м.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты знайшлі ва ўкраінскага коміка, які ідзе ў прэзыдэнты, кінабізнэс у Расеі

«Каманда Зе!» — пра выбарчы штаб Уладзіміра Зяленскага

Актор загадзя рыхтаваўся да палітычных кампаній. У 2017 годзе Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зарэгістравала партыю «Слуга народу», назва якой узятая з аднайменнага камэдыйнага сэрыялу, створанага «Кварталам 95» у 2015 годзе. Аднак палітычная сіла стваралася не на пустым месцы, гэта быў так званы рэбрэндынг — пад новай назвай перарэгістравалі «Партыю рашучых зьмен».

Паводле экспэртаў, такая «партыйная зьдзелка» магла каштаваць Зяленскаму ад 30 да 40 тысяч даляраў. Цяпер партыю ўзначальвае адзін з кіраўнікоў кампаніі «Квартал 95» Іван Баканаў. Ён жа стаў і кіраўніком выбарчага штабу Зяленскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каманда Зе!» — Хто і як працуе ў выбарчым штабе Ўладзіміра Зяленскага

Паралельна ва ўсіх сацыяльных сетках стварылі афіцыйныя старонкі кампаніі. Некаторыя зь іх паўтараюць гісторыю партыі «Слуга народу» — яны ствараліся раней пад іншыя палітычныя кампаніі ды іншых палітыкаў.

Празь іх выбарчы штаб наўпрост наладзіў сувязь з карыстальнікамі Інтэрнэту — іх запрашалі пісаць праграму і прапановы па агітацыйнай кампаніі, для іх стваралі відэаролікі — як праверыць, ці ёсьць вы ў сьпісах для галасаваньня, як прагаласаваць не па месцы рэгістрацыі або калі вы перасяленец з усходу. Такой асьветніцкай дзейнасьцю, напэўна, не займаўся ніводзін іншы кандыдат.