Сьледзтва пацьвердзіла, што за крушэньне самалёта «Боінг-737 Макс» адказная электроніка

Амэрыканскія сьледчыя высьветлілі, што крушэньне самалёта «Боінг-737 Макс» ў Этыёпіі зьвязана з працай электронных сыстэм на борце судна.

Пра гэта паведамляе выданьне The Wall Street Journal са спасылкай на ананімныя крыніцы, якія азнаёміліся з утрыманьнем чорных скрынь самалёта. Афіцыйна вынікі расьсьледаваньня будуць абвешчаныя на наступным тыдні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Boeing выправіў праграму, якая магла стаць прычынай дзьвюх авіякатастрофаў

Раней паведамлялася аб праблемах самалёта мадэлі «Боінг-737 Max». Электроніка аўтаматычна апускае нос самалёта, калі дадзеныя сыстэмы паказваюць, што самалёт перайшоў у рэжым звальваньня. 27 сакавіка кампанія Boeing анансавала зьмены ў сыстэме кіраваньня, якія дазволяць пілёту адмяняць аўтаматычнае зьніжэньне вышыні палёту.

За апошні год адбыліся дзьве буйныя авіякатастрофы з удзелам самалётаў Boeing-737 Макс. Усе яны здарыліся адразу пасьля ўзьлёту паветраных судоў. Пасьля авіякатастрофы ў Этыёпіі экспэрты сталі падазраваць, што прычынай крушэньняў сталі праблемы ў сыстэме кіраваньня самалётам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вар’яцкі «Макс». Чым небясьпечная новая мадэль «Боінга», — тлумачыць беларускі авіяінструктар

Зь сярэдзіны сакавіка ва ўсім сьвеце прыпыненая эксплёатацыя самалётаў Boeing 737 мадэляў Max 8 і 9.