Створаны Віктарам Пракапенем штучны інтэлект узначаліў Парк высокіх тэхналёгій

Інтэлект, які атрымаў ад стваральнікаў імя «Аляксандравіч», ужо агучыў шэраг кадравых рашэньняў і плянаў разьвіцьця Беларусі як IT-краіны. А таксама сфармуляваў нацыянальную ідэю.

Сьцісла:

  • Прызначэньне адбылося ў адпаведнасьці з дэкрэтам прэзыдэнта №6 «Пра заканадаўчае рэгуляваньне штучнага інтэлекту і разьвіцьцё інфармацыйных, біялягічных і мяса-малочных тэхналёгій».
  • Ранейшы кіраўнік ПВТ Усевалад Янчэўскі цяпер узначаліць малочна-таварны комплекс «Сьліжы» на Шклоўшчыне.
  • IT-бізнэсовец Віктар Пракапеня, чыя кампанія распрацавала «Аляксандравіча», тлумачыць, што беларускі штучны інтэлект ні ў чым не саступае самым перадавым замежным узорам. Ягоны альгарытм прыняцьця рашэньняў увогуле ня мае аналягаў у сьвеце, бо грунтуецца на тысячах гадзін відэазапісаў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
  • На першай сеткава-сэлектарнай нарадзе раніцай 1 красавіка новы кіраўнік ПВТ ужо агучыў шэраг кадравых рашэньняў і плянаў разьвіцьця Беларусі як IT-краіны. А таксама сфармуляваў нацыянальную ідэю, зь якой мае выступіць у інтэлектуальным клюбе Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч.
  • Крытыкі папярэджваюць пра небясьпеку кантролю над беларускім грамадзтвам з боку штучнага інтэлекту. Аднак шэраг замежных інтэлектуалаў, у прыватнасьці ізраільскі гісторык Юваль Ной Гарары, ужо назвалі зьмены ў Беларусі «прагрэсіўнымі і прарыўнымі».

Аляксандар Лукашэнка (зьлева), Віктар Пракапеня (у цэнтры) і Ўсевалад Янчэўскі (справа) слухаюць штучны інтэлект, 1 красавіка 2019

Як працуе «Аляксандравіч»?

Нэўрасетка «Аляксандравіч» месьціцца на звыш'ёмістых кампутарных сэрвэрах на тэрыторыі менскага Акадэмгарадка (непадалёк ад мікрараёну Ўручча). Кантрольна-рэзэрвовыя сэрвэры разьмешчаныя ў мікрараёне Дразды.

«Аляксандравіч» апрацоўвае агромністы аб’ём інфармацыі, якую забясьпечваюць рэзыдэнты Парку высокіх тэхналёгій, і выдае дырэктывы. У найбліжэйшыя тры гады — пераходны пэрыяд — кожная дырэктыва павінна ўзгадняцца асабіста з прэзыдэнтам і толькі пасьля гэтага ўступае ў сілу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У нямецкім банку знайшлі грошы БНР. Амаль 63 мільёны эўра

Новы кіраўнік ПВТ змадэляваны на падставе нарадаў, зваротаў і выступленьняў падчас паездак прэзыдэнта Беларусі.

«Мы хацелі, каб альгарытм прыняцьця рашэньняў быў ня проста аптымальным, але і кіраваўся інтарэсамі беларускага народу, браў пад увагу сацыяльную арыентаванасьць дзяржавы і гістарычныя традыцыі Рэспублікі Беларусь, — патлумачыў Віктар Пракапеня, які ўзначальваў групу распрацоўнікаў "Аляксандравіча". — Таму мы нават не разглядалі альтэрнатываў мадэлі паводзінаў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі».

Тэхнік ў Акадэмгарадку рамантуе сэрвэры «Аляксандравіча»

Што прапануе новы кіраўнік ПВТ?

На першай сеткава-сэлектарнай нарадзе раніцай 1 красавіка «Аляксандравіч» агучыў шэраг кадравых рашэньняў, ужо зацьверджаных прэзыдэнтам. У прыватнасьці, кіраўнік і заснавальнік кампаніі Wargaming Віктар Кіслы ўзначаліць кампанію EPAM Systems. Цяпер ужо былы кіраўнік EPAM Systems Аркадзь Добкін прызначаны кіраваць Wargaming.

Добкіну пастаўленая задача да 1 чэрвеня стварыць тры новыя мадэлі танкаў, якія павінны павялічыць долю Wargaming на сусьветным рынку кампутарных гульняў на 5 працэнтных пунктаў. «Inache pajedzesh k Jancheuskamu zamiastsitselem — karovam zadnitsy myts», — гаворыцца ў матывацыйным электронным паведамленьні, якое атрымаў Добкін пасьля прызначэньня.

Прэсавая служба Віктара Кіслага адмовілася камэнтаваць матывацыйнае паведамленьне для новага кіраўніка EPAM Systems, аднак крыніцы ў кампаніі паведамляюць, што там было слова «naruchniki».

Сымон Працавіты, памочнік Віктара Пракапені і адзін з распрацоўнікаў «Аляксандравіча», чытае інструкцыю па абслугоўваньні штучнага інтэлекту

Пакуль што не зацьверджаная прапанова «Аляксандравіча» перавесьці беларускую мову на лацінскую графіку, а расейскую — на кітайскія герогліфы, каб палепшыць камунікацыю з замежнымі IT-партнэрамі.

«Напэўна, ня варта адразу рубіць з пляча, — цытуе дзяржаўнае агенцтва БелКА Аляксандра Лукашэнку. — Спачатку трэба высьветліць, якую фінансавую падтрымку нам могуць гарантаваць нашы партнэры ў Кітаі і Эўразьвязе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усіх, хто не заплаціў «падатак на дармаедзтва», возьмуць на абавязковую працу ў сілавыя структуры

Аднак пасол Расеі ў Беларусі Міхаліна Бабіч ужо жорстка адрэагавала на гэтую прапанову ў вялікім інтэрвію расейскаму дзяржаўнаму агенцтву ТАЗЗ.

«Отказ от русских букв — несомненная угроза суверенитету Республики Беларусь. Российская Федерация как союзник будет вместе с белорусским руководством отстаивать этот суверенитет всеми доступными средствами».

Пасол Беларусі ў Расеі Міхаліна Бабіч

Якая нацыянальная ідэя Беларусі?

Ужо ў гэтым месяцы штучны інтэлект мае выступіць замест Віктара Пракапені ў інтэлектуальным клюбе Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Сфармуляваная «Аляксандравічам» нацыянальная ідэя цяпер знаходзіцца на экспэртызе факультэту філязофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Навукоўцы спрабуюць расшыфраваць усе сэнсы фармулёўкі «Zhestachajshe 45».

«Магчыма, што гэтак наш штучны інтэлект апісвае нязломны характар беларусаў, перамогу савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне, а таксама спасылаецца на працу брытанскага дасьледчыка Дугласа Адамса, які даў адказ «42» на пытаньне пра сэнс жыцьця, — тлумачыць дэкан факультэту Вадзім Гігін. — Тое, што нашая лічба большая, сьведчыць пра прынцыповыя перавагі беларускай мадэлі. Пры гэтым мы не выпінаемся і не выхваляемся сваёй выключнасьцю. Адсюль і розьніца паміж лічбамі — 3, невялікая, але адчувальная».

Вадзім Гігін

Ці небясьпечны «Аляксандравіч»?

Кіраўнік Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Пётра Рудкоўскі папярэджвае, што перадача паўнамоцтваў штучнаму інтэлекту можа несьці пагрозу для беларускага грамадзтва.

«Аляксандар Рыгоравіч усё ж больш-менш прадказальны, а з гэтым "Аляксандравічам" могуць адбыцца невядома якія мутацыі».

Аднак шэраг заходніх інтэлектуалаў ужо выказалі падтрымку прызначэньню «Аляксандравіча» на адказную пасаду. У прыватнасьці, ізраільскі гісторык Юваль Ной Гарары назваў гэты крок «прагрэсіўным і прарыўным».

«Мне здаецца, што ў гэтай сфэры Ізраілю варта было б павучыцца ў Беларусі, — сказаў Гарары ў інтэрвію Радыё Свабода. — Тое, што ІТ-сфэрай кіруе штучны інтэлект, цалкам лягічна. Нам варта было б пераняць беларускі досьвед. Адзінае, што наш інтэлект ні ў якім разе не павінен грунтавацца на асобе прэм’ер-міністра Біньяміна Нэтаньягу. Ёсьць значна лепшыя кандыдаты — з адным зь іх вы цяпер размаўляеце».

Юваль Ной Гарары выступае на сэмінары БРСМ у Сан-Францыска

Радыё Свабода віншуе чытачоў з Днём сьмеху 1 красавіка і падкрэсьлівае што меркаваньні, факты і фота, выкладзеныя ў гэтым артыкуле, не абавязкова адлюстроўваюць рэальнасьць.