Парлямэнт Вялікай Брытаніі не падтрымаў ніводнага альтэрнатыўнага варыянту Brexit

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй

Палата грамадаў парлямэнту Вялікай Брытаніі не падтрымала ніводнага з васьмі альтэрнатыўных падыходаў да Brexit, вынесеных на рэйтынгавае галасаваньне.

Дэпутаты зрабілі такое галасаваньне ў надзеі выйсьці з тупіку пасьля таго, як яны двойчы адхілілі прапанаваны ўрадам Тэрэзы Мэй дагавор аб выхадзе з Эўразьвязу.

Больш за ўсё галасоў набралі прапановы 1) застацца пасьля Brexit у мытным зьвязе з ЭЗ і 2) правесьці другі рэфэрэндум — адпаведна 264 і 268 галасоў, аднак гэтага не хапіла для большасьці.

За выхад з Эўразьвязу без пагадненьня прагаласавалі толькі 160 членаў парлямэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэтыцыя аб скасаваньні Brexit набрала больш за 5 мільёнаў подпісаў

Такім чынам, парлямэнт ня змог сфармуляваць агульны падыход, які мог бы прымусіць кабінэт Тэрэзы Мэй зьмяніць сваю стратэгію. Цяпер, відавочна, на парадку дня будзе трэцяе галасаваньне аб пагадненьні з ЭЗ.

Раней прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй паабяцала, што падасьць у адстаўку пасьля таго, як парлямэнт ухваліць пагадненьне аб выхадзе краіны з Эўразьвязу.

Эўразьвяз даў Мэй час да 12 красавіка, каб атрымаць падтрымку дэпутатаў пагадненьня, якога яна дасягнула з Бруселем, або знайсьці эфэктыўную альтэрнатыву, якая можа ўключаць працяглую затрымку ў выхадзе Вялікай Брытаніі з ЭЗ. Тады краіна пакіне блёк 22 траўня.

Рашэньне аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ прынялі на рэфэрэндуме 2016 году, але прадстаўнікі Мэй не змаглі дамовіцца з Бруселем аб пагадненьні, прымальным для ўсіх партый парлямэнту.