Gallup пра тое, хто мае найніжэйшы ў сьвеце ўзровень даверу да ўлады

Толькі 9% украінцаў давяраюць сваёй уладзе – гэта рэкордны мінімум у сьвеце, гаворыцца на сайце дасьледчай кампаніі Gallup

Сусьветна вядомая аналітычна-кансультатыўны фірма Gallup піша, што ўкраінцы маюць самы нізкі ў сьвеце ўзровень даверу да ўлады. Гэты недавер распаўсюджваецца і на органы, адказныя за арганізацыю і правядзеньне выбараў.

Толькі 9% украінцаў давяраюць сваёй уладзе — гэта рэкордны мінімум у сьвеце, гаворыцца на сайце дасьледчай кампаніі Gallup.

«Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 31 сакавіка ўкраінцы ідуць на выбары зь меншай верай у свой урад, чым любы іншы электарат у сьвеце», — адзначае аўтар артыкулу. Такая тэндэнцыя назіраецца ўжо другі год запар.

Украінцы, паводле аналітыкаў Gallup, маюць прычыны не давяраць уладзе. Былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч быў уцягнуты ў некалькі скандалаў, а эўрамайдан прывёў да ягоных уцёкаў з краіны. Ён зьбег у Расею, і цяпер яго шукаюць паводле абвінавачваньня ў дзяржаўнай здрадзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаўкі на прэзыдэнта. Як алігархі ўплываюць на выбары ва Ўкраіне

Як толькі цяперашні прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка прыйшоў да ўлады, былі прыкметы таго, што новы лідэр пачаў адбудоўваць давер украінцаў да ўраду. Тады 24% давяралі ўладам, а 48% ухвалялі працу Парашэнкі. Але ўжо ад 2015 году давер да ўраду не перавышаў 14%, гаворыцца ў матэрыяле.

Але недавер пачаў датычыцца і іншых дзяржаўных установаў, у тым ліку тых, якія будуць адказваць за правядзеньне выбараў 31 сакавіка. Толькі 12% паўналетніх украінцаў вераць у сумленныя выбары ў 2018 годзе, у той час як у 2014 годзе верылі 26%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Ўкраіна ўжо ніколі ня стане Беларусьсю

Таму, паводле Gallup, наступны лідэр Украіны будзе вымушаны мець справу з гэтым глыбока ўкаранёным недаверам. Яму прыйдзецца прадставіць сябе як надзейнага прэзыдэнта, калі ён ці яна хоча зьмяніць сытуацыю.

Кандыдат у прэзыдэнты комік Уладзімір Зяленскі ў сваёй кампаніі абапіраецца ў асноўным на заявы аб барацьбе з карупцыяй, што падабаецца многім выбарцам. Парашэнка працуе над тым, каб адцягнуць увагу людзей ад нядаўніх скандалаў зь ягоным удзелам і абяцае ўступленьне ў НАТА і вяртаньне Крыму. Яшчэ адзін кандыдат — былы прэм’ер-міністар Украіны Юлія Цімашэнка — страціла пазыцыі ў рэйтынгах, бо аднавіліся чуткі пра яе ўдзел у карупцыйных газавых пагадненьнях.