Францускі кампазытар Маруані падаў пазоў да расейскага сьпевака Кіркорава на 4,2 млн даляраў

Расейски сьпявак Філіп Кіркораў у Крыме ў ліпені 2016 году

Францускі кампазытар, адзін зь піянэраў электроннай музыкі Дыд'е Маруані падаў пазоў аб абароне аўтарскіх правоў да расейскага сьпевака Філіпа Кіркорава і кампазытара Алега Папкова на суму 272 млн расейскіх рублёў (4,2 млн даляраў). Пра гэта паведамляе расейская служба Бі-бі-сі.

Пазоў пададзены ў Таганскі раённы суд Масквы па месцы рэгістрацыі Кіркорава.

Як паведаміў журналістам адвакат Маруані Яўген Тарлеў, у песьні Кіркорава "Жорсткае каханьне" ёсьць істотныя запазычаньні з кампазыцыі Маруані Symphonic Space Dream.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя ў Маскве затрымала лідэра гурту Space Маруані пасьля заявы расейскага сьпевака Кіркорава

У лістападзе 2016 году паліцыя ў Маскве затрымала Дыд’е Маруані і юрыста Ігара Трунова пасьля заявы Філіпа Кіркорава пра тое, што Маруані нібыта вымагаў у яго грошы. Затрыманьне адбылося ў маскоўскім аддзяленьні «Сбербанка», дзе Маруані і Труноў зьбіраліся падпісваць мірнае пагадненьне з Кіркоравым.

Як тады паведамляла агенцтва ТАСС са спасылкай на адвакатку Маруані Людмілу Айвар, сьпевака выпусьцілі з паліцыі пасьля дачы тлумачэньняў, але сканфіскавалі ў яго ўсе дакумэнты, пагадненьні і перапіску.

За дзень да затрыманьня Труноў заяўляў, што прадстаўнікі Маруані і Кіркорава дамовіліся ў дасудовым парадку: расейскі сьпявак нібы прызнаў прэтэнзіі Маруані і гурту Space аб плягіяце песьні «Жорсткае каханьне» зь песьні «Symphonic Space Dream» ды пагадзіўся выплаціць кампэнсацыю. Адвакат Кіркорава Аляксандар Дабравінскі гэта абвяргаў ды заяўляў, нібы з Маруані перапісваліся пранкеры «Ваван» і «Лексус».