У Мілане расьсьледуюць гібель сьведкі ў справе аб сэкс-вечарынках Бэрлюсконі

Іман Фадзіл

У Італіі пракуратура расьсьледуе абставіны гібелі 34-гадовай мадэлі з Марока Іман Фадзіл, якая памерла 1 сакавіка ў адным са шпіталёў Мілану. Яна магла быць атручаная радыёактыўнымі рэчывамі.

Танцорка была адным з ключавых сьведкаў у крымінальнай справе супраць былога прэм’ер-міністра краіны Сыльвіё Бэрлюсконі. Яго абвінавачваюць у подкупе сьведкаў на судзе па справе аб сэкс-вечарынках зь яго ўдзелам, дзе ён, як настойвала сьледзтва раней, займаўся сэксам зь непаўналетняй сэкс-работніцай. Пра гэта паведамляе агенцтва ANSA.

Фадзіл памерла празь месяц пасьля паступленьня ў шпіталь з болямі ў жываце. Перад сьмерцю яна распавяла, што баіцца, што была атручаная. Шэф-пракурор Мілану Франчэска Грэка распавёў агенцтву Reuters, што ў абставінах гібелі мадэлі ёсьць дзіўныя рэчы. «Лекары не змаглі вызначыць ніякай паталёгіі, якая магла б растлумачыць гэтую сьмерць», — заявіў ён. Офіс пракурора адзначыў, што мараканка памерла «пасьля працяглай агоніі». Папярэдняя таксыкалягічная экспэртыза паказала, што сьмерць магла наступіць ад атручэньня камбінацыяй радыеактыўных рэчываў, сьцьвярджае ANSA.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд Мілану рэабілітаваў былога прэм’ер-міністра Італіі Бэрлюсконі, ён зможа балятавацца на выбарах

Фадзіл давала паказаньні на крымінальным працэсе па справе Бэрлюсконі ў 2012 годзе. Тады суд прысудзіў яго да сямі гадоў турмы за сэкс зь непаўналетняй сэкс-работніцай і злоўжываньне службовым становішчам. Яго абвінавачвалі ў арганізацыі на сваёй віле вечарынак, дзе ён і яго госьці займаліся сэксам з прастытуткамі. Фадзіл распавядала, што была на адной зь вечарынак, дзе маладыя дзяўчаты, часам у касьцюмах манашак, танчылі эратычныя танцы. На другой дзяўчына ў бялізьне танчыла для Бэрлюсконі стрыптыз у масцы футбаліста Раналдзіньё, які гуляў за футбольны клюб «Мілан», які належаў палітыку .

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бардэлі, базавы даход і Бэрлюсконі. За што галасуюць італьянцы на парлямэнцкіх выбарах

Прысуд па гэтай справе быў адменены ў 2014 годзе. Пракуратура Мілану завяла на Бэрлюсконі новую справу, цяпер яго абвінавачваюць у подкупе сьведак на папярэднім працэсе, каб тыя давалі ілжывыя паказаньні. Фадзіл павінна была выступаць і на гэтым судзе.

Сыльвіё Бэрлюсконі адмовіўся камэнтаваць сьмерць мадэлі. Паводле яго, ён ня быў зь ёй знаёмы і ніколі зь ёй не размаўляў.