«Рост расізму і ісламафобіі» — Эрдаган, Трамп, Мэй, і Пуцін пра тэракт у Новай Зэляндыі

Акцыя пратэсту ў Пакістане.

Лідэры многіх краінаў сьвету выказваюць спачуваньні і абурэньне ў сувязі з тэрактам у Новай Зэляндыі, дзе ў горадзе Крайстчэрч 49 чалавек загінулі ў выніку страляніны ў двух мячэцях.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў спачуваньні, назваўшы здарэньне «жудаснай бойняй». Ён дадаў, што ЗША падтрымаюць Новую Зэляндыю ўсім, што могуць зрабіць. Белы дом назваў тэракт «злосным актам нянавісьці».

Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін накіраваў прэм’ер-міністру Новай Зэляндыі Джасіндзе Ардэн тэлеграму са спачуваньнямі. Пуцін адзначыў, што напад «страсае сваёй жорсткасьцю і цынізмам», і выказаў надзею, што ўсе датычныя да злачынства панясуць заслужанае пакараньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 49 чалавек застрэленыя ў нападзе на мячэці у Новай Зэляндыі

Прэмʼер-міністарка Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй выказала глыбокія спачуваньні. «Мае думкі з тымі, хто пацярпеў ад гэтага жахлівага акта гвалту», — напісала Мэй у Twitter. Спачуваньні выказала брытанская каралева Лізавета Другая, якая зьяўляецца і каралевай Новай Зэляндыі.

Лідэр Турэччыны Рэджэп Эрдаган «рашуча асудзіў», як ён выказаўся, «агідны ўчынак, які зьяўляецца прыкладам росту расізму і ісламафобі».

Групы мусульманаў па ўсім сьвеце асудзілі тэракт у Крайстчэрчы, выступіўшы з пратэстамі. Акцыі пратэсту прайшлі перад пятнічнай малітвай у сталіцы Банглядэш, у індыйскім горадзе Мумбай і пакістанскім Карачы.

У Аўстраліі і Вялікабрытаніі прыспушчаны сьцягі ў памяць аб загінуўшых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднаму з нападнікаў на мячэты ў Новай Зэландыі выстаўлены абвінавачаньні

Аднаму з арыштаваных падазраваных выстаўленыя абвінавачваньні ў забойстве. Як мяркуецца, гэта ўльтранацыяналіст Брэндан Тарант. Паліцыя затрымала яшчэ траіх, іх падазраюць у незаконным захоўваньні зброі. Ступень іх датычнасьці да нападаў высьвятляецца. Улады краіны кваліфікавалі гэта як тэракт.