ААН прызнала захопленых ўкраінскіх маракоў ваеннапалоннымі

Украінскія маракі, захопленыя расейскімі памежнікамі каля берагоў анэксаванага Крыму, могуць лічыцца ваеннапалоннымі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Упраўленьня вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

У ААН заявілі, што затрыманыя маракі трапляюць пад дзеяньне Жэнэўскай канвэнцыі. Яны будуць знаходзіцца ў статусе ваеннапалонных да таго часу, пакуль кампэтэнтны суд не прыме іншага рашэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбудсмэны: стан параненых ўкраінскіх маракоў выклікае заклапочанасьць

25 лістапада мінулага году каля берагоў анэксаванага Крыму расейскія памежнікі захапілі тры ўкраінскія вайсковыя караблі. Былі затрыманыя 24 маракі, якіх абвінавачваюць у незаконным перасячэньні мяжы Расеі.

Кіеў назваў гэтае здарэньне агрэсіі, а маракоў — ваеннапалоннымі. Расейскія ўлады заявілі, што ўкраінскія вайскоўцы пайшлі на сьвядомую правакацыю. Паводле расейскіх уладаў, маракі ня могуць быць ваеннапалоннымі, бо няма вайны паміж Расеяй і Ўкраінай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Маскве падоўжыў арышт для ўсіх украінскіх маракоў

У студзені Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рэзалюцыю, дзе асудзіла дзеяньні Расеі і запатрабавала вызваліць маракоў. Пры гэтым у тэксьце дакумэнту ПАРЭ не выкарыстоўвала тэрмін «ваеннапалонныя». Пры гэтым Эўразьвяз увёў супраць Расеі санкцыі за агрэсію ў Керчанскім праліве.

Канвэнцыя аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі прынятая 12 жніўня 1949 году ў Жэнэве. Яна зьяўляецца часткай міжнароднага гуманітарнага права і рэглямэнтуе вядзеньне ўзброеных канфліктаў.