Ня менш за 10 мірных жыхароў сталі ахвярамі авіяўдару Расеі ў Сырыі

Ахвярамі авіяўдару Расеі па сырыйскай правінцыі Ідліб сталі ня менш за 10 мірных жыхароў. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на паўстанцаў, мясцовых жыхароў і ратавальнікаў.

Базаваны ў Лёндане Сырыйскі назіральны цэнтар правоў чалавека падае дадзеныя аб 13 загінулых, у іх ліку 6 дзяцей. Яшчэ каля 60 чалавек былі параненыя, сьцьвярджаюць праваабаронцы. Яны назвалі ўдар самым магутным за апошнія месяцы, адзначыўшы, што расейскія самалёты скідалі бомбы некалькімі этапамі на працягу 24 гадзін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля паведамленьняў аб меркаванай хімічнай атацы ў Сырыі Расея нанесла авіяўдары па Алепа

Удар быў накіраваны супраць рэштак паўстанцкіх сіл. Пры гэтым у выніку бамбаваньняў была разбураная турма на ўскраіне Ідлібу. Дзясяткі зьняволеных уцяклі, піша Reuters.

Расея нанесла ўдар па Ідлібе 13 сакавіка. Міністэрства абароны Расеі заявіла пра зьнішчэньне складу са зброяй адной з экстрэмісцкіх груповак. Інфармацыю пра ахвяры сярод мірнага насельніцтва Масква не камэнтуе. Раней гэткія абвінавачаньні яна адпрэчвала.