ФСБ судзіцца з «Новой газетой» за сваю рэпутацыю

Хусьнідзін Зайнабідзінаў

Фэдэральная служба бясьпекі Расеі падала ў Басманны суд Масквы пазоў аб абароне дзелавой рэпутацыі супраць «Новой газеты» і аўтара выданьня Івана Жыліна. Служба патрабуе ад выданьня абвергнуць матэрыялы пра катаваньні спэцслужбай грамадзяніна Кіргізіі, затрыманага пасьля выбуху жылога дома ў Магнітагорску.

«Новая газета» расказала пра падрабязнасьці затрыманьня 29-гадовага грамадзяніна Кіргізіі Хусьнідзіна Зайнабідзінава. Жонка Зайнабідзінава і праваабаронцы паведамлялі, што ён скардзіўся на катаваньні. Пасля публікацый у СМІ рэгіянальны пракурор заявіў, што той адмовіўся ад сваіх словаў, аднак гэтае паведамленьне было адпрэчанае.

У пазоўнай заяве ФСБ сьцьвярджаецца, што дапушчаныя ў артыкулах «Новой газеты» выказваньні зводзяцца да таго, што спэцслужбе «прыпісваецца ўжываньне незаконных мэтадаў атрыманьня прызнальных паказаньняў». Гэта «бясспрэчна стварае ў шырокага кола чытачоў нэгатыўнае ўяўленьне аб фэдэральным органе выканаўчай улады», — лічаць у спэцслужбе. Ведамства патрабуе выдаліць матэрыялы.

Зайнабідзінава затрымалі ў Магнітагорску 16 студзеня. Пасьля затрыманьня яму паказвалі фатаграфіі невядомых людзей з бародамі і выпрошвалі іх дадзеныя. Жонцы ён распавёў, што паліцыянты западозрылі яго ў датычнасьці да выбуху ў шматпавярховым доме ў Магнітагорску і патрабавалі даць паказаньні супраць людзей на фотаздымках, пры гэтым яго білі токам і зьбівалі. Катаваньні працягваліся каля шасьці гадзін.

Раніцай 31 сьнежня ў адным з пад’ездаў дзесяціпавярховага дома ў Магнітагорску з прычыны магутнага выбуху абрынуліся перакрыцьці. Загінулі 39 чалавек. «Ісламская дзяржава» заявіла, што дом быў узарваны чальцамі арганізацыі. Праваахоўныя органы асноўнай вэрсіяй катастрофы назвалі выбух бытавога газу.