«З жалем успрымаю лесьбіянства». 10 цытат Лукашэнкі пра «любімых жэншчын»

Аляксандар Лукашэнка і міс Беларусь-2018 Марыя Васілевіч падчас танца на першым Рэспубліканскім навагоднім балі для моладзі ў Палацы Незалежнасьці, 28 сьнежня 2018 году

Аляксандар Лукашэнка не шкадуе рэвэрансаў у бок «лепшай паловы чалавецтва». Пра жанчын ён гаворыць з царкоўнага амбону і на ведамасных нарадах; прыгажуні мадэльнай зьнешнасьці суправаджаюць яго на хакейных матчах і ў перамовах на найвышэйшым узроўні. Пры тым, што з жонкай Галінай Радзівонаўнай сам даўно не жыве, а імя «мамы Колі» шырокай грамадзкасьці не паведамляецца.

Свабода сабрала 10 яскравых выказваньняў Лукашэнкі пра «жэншчын» і іхнае месца ў палітыцы, сям’і, спорце.

Пераўвасабленьне Качанавай: «Здымай штаны і танцуй»

Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі ў Палацы Незалежнасьці. У цэнтры — Аляксандар Лукашэнка і міс Беларусь-2018 Марыя Васілевіч, Сяргей Румас — у першай пары на заднім пляне, Натальля Качанава — у апошняй пары

​Падчас нядаўняй «вялікай размовы» Аляксандар Лукашэнка «зачапіўся» за кіраўніцу сваёй адміністрацыі Натальлю Качанаву, згадаўшы пра навагодні баль: нагода ўзьнікла пры абмеркаваньні рознапалярных сьвяткаваньняў — 9 траўня, абвяшчэньне незалежнасьці БНР ды іншых датаў.

«Так, кажу, жанчыны: здымайце гэтыя свае штаны дзелавыя. Надзявайце доўгія сукенкі — і пойдзеце на балі танчыць. Качанава кажа: „Госпадзе, ды я ніколі тых сукенак не насіла! І з кім буду танчыць?“ — „З Румасам будзеш“. Гэта было маё жорсткае рашэньне. Ну і яны пачалі практыкавацца.

Потым думаю: чаго з Румасам? Натальля Іванаўна сымпатычная, худзенькая, у адрозьненьне ад многіх нашых жанчын-чыноўніц. Хай танчыць з вайсковым чалавекам, а Румас — з сымпатычнай дзяўчынай. Усе адразу трымцелі, не хацелі, а пасьля балю атрымліваю інфармацыю: вось малайчына Лукашэнка, прымусіў нас быць жанчынамі, хоць сукенкі да падлогі надзелі. І я хачу, каб гэта стала традыцыяй нашай краіны...»

Прэзыдэнцкі аблом Караткевіч: «Чалавек у спадніцы не пацягне»

Тацяна Караткевіч падчас галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году

​Аляксандар Лукашэнка хоць і вітае прысутнасьць жанчын ва ўладзе, але лічыць, што прэзыдэнцкая ноша не для іх. Незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году публічна выказаўся пра ўдзел у кампаніі Тацяны Караткевіч — першага і пакуль апошняга ў Беларусі «чалавека ў спадніцы», хто асьмеліўся замахнуцца на найвышэйшую пасаду.

«Прэзыдэнцкае крэсла прадстаўніцы слабога полу я б не саступіў — хоць і лічу жанчыну вялікім тварэньнем прыроды, непераўзыдзеным. Па-першае, гэта не жаночая, цяжкая справа. Па-другое, у мяне яшчэ і паўнамоцтвы Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Ну як жанчына пройдзе перад строем, на вучэньнях? Зараз жанчыны таксама штаны носяць, але гэта ня тое. Напэўна, у Эўразьвязе функцыі прэзыдэнта можа выконваць і жанчына. Хаця...

Паўтаруся, прэзыдэнт у нашай краіне займаецца шмат якімі пытаньнямі — ад бясьпекі да эканомікі. Іх чалавек у спадніцы пакуль што, напэўна, ня зможа вырашаць. А калі і зможа, то наша грамадзтва да гэтага яшчэ не падрыхтаванае».

Кантраляваныя парлямэнтаркі: «Ніколі не дакрануцца да гарачага»

Ілюстрацыйнае фота. Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў, красавік 2018 году

​У той жа час Аляксандар Лукашэнка ня мае нічога супраць кантраляванай прысутнасьці «слабога полу» ва ўладзе. Напрыклад, траціна цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў — «прэкрасныя жэншчыны», як некалі ён пажадаў: 38 са 110 парлямэнтароў.

«Мужыкі ўжо не задаволены, што траціна месцаў у парлямэнце занялі жанчыны. Зразумела, калі пусьціць на самацёк, жанчыны ня змогуць на роўных спаборнічаць з мужчынамі. Справа ня ў тым, што яны дурнейшыя ці недальнабачнейшыя за нас, а таму што дадаткова палову свайго часу аддаюць нам: хто на кухні, хто зь дзецьмі, хто яшчэ зь нечым.

Але ніхто ня можа папракнуць уладу ў тым, што яна не падтрымлівае жанчын. Я заўсёды казаў: жанчына па сваёй сутнасьці больш стабільны чалавек. Яна ніколі не дакранецца да „гарачага“, ня пойдзе на ўгоду з сумленьнем, да чаго мы, мужыкі, заўсёды гатовыя».

Абдзеленыя лесьбіянкі: «Гэта наша віна, драных мужыкоў»

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

​Кіраўнік Беларусі — пасьлядоўны прапагандыст традыцыйных сэксуальных стасункаў. На яго перакананьне, толькі мужчыны вінаватыя ў тым, што існуюць аднаполыя сувязі. Шырокую вядомасьць набыло ягонае выказваньне, што лепш быць дыктатарам, чым нетрадыцыйным (арыгінал у расейскім варыянце — «голубым»).

«Калі „жанчына — жанчына“, то гэта наша, драных мужыкоў, віна, што жанчына сёньня другой жанчыне замяніла мужчыну. Толькі наша, я шчыра шкадую. Мы недзеяздольнымі аказаліся для некаторых жанчын. Тое, што яны ў нас павінны былі знайсьці, пачалі шукаць у жанчыне. Таму я з жалем успрымаю гэтае лесьбіянства. Дрэнна, але не асуджаю.

А вось што тычыцца мужыкоў, адразу кажу — сьвят-сьвят. Гэта за межамі майго разуменьня. Я калі гэта і ўспрымаю, то крайне нэгатыўна, лічу гэта ненармальным. Стасункі мужчыны і жанчыны імкнуцца да адной мэты — стварэньне сям’і і нараджэньне дзяцей. А тут што, чаму тады няма дзяцей? І калі жанчынам лесьбіянства яшчэ дарую, то „галубізну“ мужыкам — ніколі».

Настаўнік маладых: «Вы ўсе ўмантаваныя ў вялікую палітыку»

Аляксандар Лукашэнка і Дар'я Домрачава падчас суботніка, 2014 год

На асаблівым рахунку ў Аляксандра Лукашэнкі беларускія спартоўкі. І ня дзіва — ён жа яшчэ і прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту, і капітан прэзыдэнцкай хакейнай каманды. Ахвотна кантактуе з прыгажунямі-чэмпіёнкамі, называючы іх элемэнтамі, «умантаванымі ў вялікую палітыку». І не бянтэжыцца, калі фантазіі не заўсёды адпавядаюць фактам.

«На спартоўцаў аказваецца магутны ціск, бо вы ўсе на віду. Але і Дашцы (Домрачавай. — РС), і Віцы (Азаранцы. — РС) кажу: вы ня вечныя. Жыцьцё спартоўца кароткае, нават карацейшае, чым у прэзыдэнтаў. І калі, дасягнуўшы такой вышыні, трапляеце пад крытыку — ну што ж, трывайце. На вас ціснуць не таму, што вы дрэнныя. А таму, што вашы перамогі — гэта больш, чым палітыка. Разумееце, наколькі вы ўмантаваныя ў палітыку?

...Домрачава, калі была яшчэ маленечкая, пачынала тут. Ёсьць нават фатаздымкі. Я яе вучыў бегаць і казаў: «Ты будзеш вялікай, калі зробіш гэта, гэта і гэта. І яна зрабіла... (ня факт: Дар’я Домрачава пачала займацца біятлёнам у Расеі, куды пераехалі яе бацькі. У Беларусь вярнулася ў 17-гадовым узросьце. — РС)».

З кантэксту: «Бабла мала, „мэрсэдэсаў“ няма, „цёлкі“ на заднім...»

Дзіўныя нататкі аднаго з удзельнікаў «спартовай нарады» Лукашэнкі

​Здараецца, Лукашэнка апускаецца да жаргоннай лексыкі, за што постфактум нават даводзіцца прасіць прабачэньня — як зь нядаўнім паседжаньнем Нацыянальнага алімпійскага камітэту, дзе відэакамэра выхапіла канспэкт чыноўніка, калі той старанна занатоўваў загадкавых «цёлак».

«Вырвалі з кантэксту, што я там пра нейкіх „цёлак“ гаварыў, некаторыя нават кароў намалявалі ў Расеі. Занепакоіліся, бедныя, маёй фразай. А гэта проста такое мысьленьне нашых спартоўцаў.

У іх адна размова, я амаль даслоўна прывёў: бабло, „мэрсэдэсы“ і ззаду „цёлкі“. Прабачце, жанчыны, што я так паўтарыў, проста да слова прыйшлося. Але нічога не прыдумана. Давайце вынік, працуйце — ідзіце бегайце з клюшкай ці зь мячом. Вось да чаго гэта было. А тут атрымалася, што я ледзь не задачу такую паставіў перад нашымі спартоўцамі — каб „зь цёлкамі“ на заднім сядзеньні».

«Ахламоны» і слабы пол: «Прыцягнецца выпіўшы, ногі закруціць»

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

​Часьцяком Лукашэнка дакарае мужчын, якія паводзяць сябе з жанчынамі як «ахламоны». Пры такім «тыле» лепш быць маці-адзіночкай, чым яшчэ п’яніцу ўтрымліваць, лічыць ён.

«То сьпіўся, то сядзіць курыць на бальконе, то тэлевізар глядзіць ці газэту чытае — замест таго, каб зь дзіцем выйсьці пазаймацца, пабегаць. У нас жа маці — гэта нявольніца! Прыходзіць з працы — трэба накарміць і дзяцей, і гэты ахламон зараз прыцягнецца, яшчэ і выпіўшы, з цыгарэтай, і яго ж трэба абслужыць.

І вось яна ля пліты стаіць дзьве-тры гадзіны, у той час як ён закруціў ногі і валяецца на канапе... Трэба ўзяць працэс выхаваньня таксама і на сябе, а ня скідваць усё на жанчыну. Мы больш вольныя і, дарэчы, там, дзе мужыкі гэтым займаюцца, растуць нармальныя дзеці».

Даяркі і цывілізацыя: «Увечары памыцца — і ў ложак да мужыка»

Ілюстрацыйнае фота. Карова, якую падарылі Лукашэнку, калі ён наведаў фэрму сельгаспрадпрыемства «Савушкіна» ў Маларыцкім раёне на Берасьцейшчыне, 2016 год

​Беларускі кіраўнік падкрэсьлівае сваё сялянскае паходжаньне, але некаторыя высновы з гэтага як мінімум нечаканыя. У прыватнасьці, расказаў, якім павінен быць аграгарадок з гледзішча «маладой даяркі».

«У сельскую гаспадарку мы ўкінулі 45 мільярдаў даляраў. Паўсюль пабудавалі аграгарадкі — я так прапанаваў іх называць, каб не было абразьлівага „калгасьнік“. Каб псыхалягічна вывесьці з гэтага. Мне таксама ва ўнівэрсытэце казалі: „Эй ты, дзярэўня!“. Цяпер я такога комплексу ня маю, але тады было некамфортна.

Дык вось трэба, урэшце, ісьці да таго, каб у аграгарадку была хоць бы ўвечары цёплая вада. Каб даярка ці сьвінарка, адпрацаваўшы на фэрме, маладая дзяўчына ці жанчына, магла прыйсьці пасьля работы дадому і ў ложак да мужыка лажылася памытай».

Вайскоўцы ў спадніцах: «Армія абавязковая для ўсіх»

Ілюстрацыйнае фота. Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстым пастраеньні асабовага складу Берасьцейскай памежнай групы. Чэрвень 2018 году

​Як Вярхоўны галоўнакамандуючы Лукашэнка выступае за тое, каб колькасьць жанчын у вайсковай галіне з году ў год павялічвалася. Выглядае, што пераважна для прыгажосьці.

«Усе нашыя жанчыны ў пэўным сэнсе вайсковыя. Ня толькі хто цяпер змагаецца ва Ўзброеных сілах, а і тыя, хто знаходзіцца ў тыле мужыкоў, няўжо яны не вайсковыя? І нават далікатныя дзяўчаты, якія прыносяць чарговую перамогу ў спорце — яны таксама вайскоўцы. Таму і ў парадах удзельнічаць павінны. Толькі туфляў не губляйце, прывязвайце мацней да ног.

Я наогул лічу, што армія — гэта для ўсіх. І для мужыкоў, і для дзяўчат. Дарэчы, у нас парадку 80% навабранцаў маюць адтэрміноўку ад службы — то вучобы, то сям’я, то яшчэ нешта. Мяне ня толькі як прэзыдэнта, а і як мужыка гэта абурае. Абсалютна не нармальна, бо мы выміраем як кляса, як мужчыны. Ну якой жанчыне патрэбен мужык, які не служыў?»

Пра маці Кацярыну Трафімаўну: «Любіла і рабіла для мяне ўсё»

Старонка з дакумэнтальнай кнігі Міколы Жыгоцкага «Аляксандар Лукашэнка. Жыцьцё і дзейнасьць». Адзіны афіцыйны фатаздымак Кацярыны Трафімаўны Лукашэнкі, маці Аляксандра Лукашэнкі.

​За чвэрць стагодзьдзя ва ўладзе Аляксандар Лукашэнка рэдка згадваў пра сваё жаночае атачэньне. Вядома, што ягоная жонка Галіна Радзівонаўна адмовілася ехаць за ім сьледам і засталася ў Шклове; пра маці малодшага сына Мікалая зьвесткі не афішуюцца; сваю ўласную — Кацярыну Трафімаўну, якой ня стала ў 2015-м, — публічна згадваў некалькі разоў.

«Я пастаянна няньчыўся са сваімі дзецьмі, бо вырас адзін з маці. І не таму, што мне мала было ласкі ці пяшчоты ў свой час, як некаторыя гавораць („не было каму яго прылашчыць, таму кампэнсуе на малым сыне“). Поўнае глупства. Я ў маці быў адзін, старэйшае дзіця ў яе памерла. Яна мяне любіла і рабіла для мяне ўсё.

Проста было не да пяшчоты: калі жывеш у вёсцы і няма бацькі, трэба і накасіць, і ўбраць, і прывезьці. Маці прыходзіла з працы, я ўжо мусіў прыгатаваць вячэру — па-свойску, па-вясковаму, без вынаходак. Ну а як захварэе, даводзілася ўсё рабіць. Склаліся пэўныя адносіны. Але ў душы яна мяне ня меней любіла, чым я люблю сваіх дзяцей. Вось гэта адкуль...»