Гілары Клінтан адмовілася змагацца за пасаду прэзыдэнта ЗША

Гілары Клінтан, архіўнае фота

Былая дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан заявіла, што ня будзе вылучаць сваю кандыдатуру на выбарах прэзыдэнта ЗША ў 2020 годзе.

«Я ня буду балятавацца. Але я зьбіраюся працягваць працаваць, гаварыць і адстойваць тое, у што я веру», — патлумачыла яна ў інтэрвію тэлеканалу News 12.

Гілары Клінтан паабяцала актыўна ўдзельнічаць у кампаніі падтрымкі адзінага кандыдата на пасаду прэзыдэнта ад Дэмакратычнай партыі.

У 2016 годзе Клінтан вылучалася на пост прэзыдэнта ЗША ад дэмакратаў, але прайграла выбары Дональду Трампу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: Коэн «шмат хлусіў», але не схлусіў пра адсутнасьць змовы з Расіяй

27 лютага экс-юрыст Трампа Майкл Коэн даў паказаньні Кангрэсу ЗША і абвінаваціў Трампа ў тым, што ён хлусіў у некалькіх важных пытаньнях, у тым ліку даючы афіцыйныя паказаньні. У прыватнасьці, ён заявіў, што Трамп загадзя ведаў пра ўзлом сэрвэра Нацыянальнага дэмакратычнага камітэту (DNC) і публікацыі перапіскі Дэмакратычнай партыі, якая адбылася 22 ліпеня 2016 году.

Паводле вэрсіі Коэна, перад гэтай публікацыяй лістоў Трамп нібыта атрымаў званок з інфармацыяй пра гэта чальца свайго штабу Роджэра Стоўна. Той нібыта сказаў будучаму прэзыдэнту, што толькі што гаварыў з заснавальнікам Wikileaks Джуліянам Асанжам, і ён яму расказаў пра публікацыю перапіскі, якая павінна адбыцца праз пару дзён, і пра тое, што гэта нанясе ўдар па дэмакратах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што былы адвакат Трампа сказаў Кангрэсу

Былы мэнэджэр выбарчай кампаніі Гілары Клінтан Джон Падэста раней абвінавачваў менавіта Стоўна ў публікацыі на Wikileaks, і гэтую вэрсію падтрымлівала тое, што Стоўн напісаў у «Твітэры» незадоўга да публікацыі: «З Клінтан неўзабаве будзе скончана».