СК пацьвердзіў сьмерць сьледчага са Стоўпцаў

Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйная прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова паведаміла Свабодзе, што міліцыянт Станіслаў Бець, цела якога было знойдзена 28 лютага ў Стоўпцах, сапраўды працаваў сьледчым.

«Так, сапраўды ўчора ў Стаўпецкім раёне было знойдзена цела сьледчага Стаўпецкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту. Цяпер па гэтым факце праводзіцца праверка, высьвятляюцца ўсе абставіны. Ведамства выказвае спачуваньні родным і блізкім», — паведаміла Юлія Ганчарова.

На пытаньне, ці расьсьледаваў Бець справу аб двайным забойстве ў стаўпецкай школе №2, Ганчарова адказала, што гэтай справай займаецца Цэнтральны апарат СК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Знойдзены павешаным у Стоўпцах быў сьледчым

Цела Станіслава Беця знайшлі 28 лютага ў лесе непадалёк ад сядзібы ўпраўленьня «Стоўпцыгаз», на выезьдзе з гораду, каля вёскі Канкаловічы, паведаміў Свабодзе знаёмы Станіслава Беця. Мужчыну шукалі і міліцыянты, і валянтэрскі атрад «Анёл».

Станіслаў Бець

4 сакавіка Станіславу Бецю споўнілася б 22 гады. Ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Дзераўная Стаўпецкага раёну. Летась скончыў акадэмію МУС, працаваў сьледчым у Стаўпецкім раённым аддзеле ўнутраных спраў.

Знаёмыя Станіслава кажуць, што апошнія ночы перад зьнікненьнем ён праводзіў на працы, не начаваў у пакоі, які здымаў.

Як даведалася Радыё Свабода, у загінулага была старонка «ЎКантакце», але пад іншым імем. Апошні візыт на ёй зафіксаваны а 15.36, гэта прыблізна той час, калі цела сьледчага знайшлі. Яшчэ ўчора, паводле знаёмых Станіслава Беця, на гэтай старонцы быў кантэнт, цяпер яна зусім пустая.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

  • Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
  • 50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.
  • Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.