Відэа ёсьць, але яго не паказваюць. Што вядома пра справу з суіцыдам у міліцэйскай машыне ў Нясьвіжы

Згодна з афіцыйнай вэрсіяй, Сяргей Абрамовіч 29 лістапада павесіўся на матузку ад чаравіка ў міліцэйскай машыне.

Іна Русак разам з мужам жыве на ўскрайку Нясьвіжа. Нарадзілася побач — у вёсцы Слаўкава. Гэта за тры кілямэтры на ўсход ад былой рэзыдэнцыі Радзівілаў. Бацька Іны і цяпер жыве ў Слаўкаве. Ён інвалід і патрабуе догляду. Старэйшы брат таксама мае вялікія праблемы са здароўем. Ён цяпер жыве ў Менску, і зь Інай яны бачацца нячаста. Быў яшчэ сярэдні брат — Сяргей. Але ў ноч з 29 на 30 лістапада 48-гадовага Сяргея Абрамовіча знайшлі мёртвым у міліцэйскай машыне. Тры апошнія месяцы Іна спрабуе даведацца, чаму і як памёр яе брат, але пакуль безвынікова.

Адзіны фотаздымак брата, які застаўся ў Іны

«Мне больш за ўсіх трэба»

Пра сьмерць жыхара Нясьвіскага раёну ў міліцэйскім аўтамабілі журналісты даведаліся ў сярэдзіне сьнежня — праз два тыдні пасьля здарэньня. На Іну выйшлі амаль адразу. Некалькі дзён запар званілі і прыяжджалі рэпарцёры розных СМІ. Але праз тыдзень усё суцішылася. Цяпер выцягваць камэнтары са сьледчых яна мусіць сама.

«Званю ім, сама званю. Мне ж больш за ўсіх трэба. Яны самі мне ня звоняць, — расказвае сястра нябожчыка. — Вось сёньня акурат канец месяца, то я вырашыла зноў пазваніць. Яны сказалі, што ў канцы месяца нешта будзе вядома новае. Справу ж забралі ў Менск, новага сьледчага прызначылі. Сказаў мне, што будуць новыя экспэртызы. Першая — псыхоляга-псыхіятрычная па брату, пасьмяротная. А другая — экспэртыза почырку ўчастковага, які яго затрымліваў».

Навошта ўсё гэта трэба, жанчыне не тлумачаць. Кажуць толькі, што сьледзтву, каб дадаткова ва ўсім разабрацца, трэба яшчэ 35 дзён. І раней за пачатак красавіка супрацоўнікаў СК па гэтай справе можна не турбаваць.

Іна Русак

«У моргу сказалі, што ўсё зробяць самі»

Непаразуменьні паміж сястрой Сяргея Абрамовіча ды нясьвіскімі праваахоўнікамі ўзьніклі ўжо на наступны пасьля яго сьмерці дзень. Спачатку ў моргу адмовіліся выдаваць дакумэнты, каб аформіць даведку аб сьмерці. Потым увогуле папрасілі пакінуць пашпарт і ісьці дадому. У выніку пасьведчаньне аб сьмерці брата Іна Русак афармляла з даведкай, дзе было пазначана: «Прычына сьмерці высьвятляецца».

«Каб быў суіцыд, то напісалі б — мэханічная асьфіксія. Яны, відаць, не здагадваліся, што я копію зраблю, — кажа Іна. — А так у выніку мне і пасьведчаньне пра сьмерць выдалі, дзе няма прычыны. „Прычына сьмерці высьвятляецца“, код Р99. Так пазначылі. У ніводным дакумэнце няма ні слова пра суіцыд. А больш у мяне і няма нічога па сёньняшні дзень. Ніводнага дакумэнта, які б тычыўся сьмерці брата, я больш не атрымала».

Расказвае Іна і пра тое, што не змагла пахаваць брата так, як хацела. У моргу ёй сказалі, што рыхтаваць цела да пахаваньня, грыміраваць і апранаць яго будуць самі — замовіць такую паслугу ў прыватнай арганізацыі Іна ня зможа.

«Я зьдзівілася, бо раней сутыкалася з арганізацыяй пахаваньняў. Катэгарычнае „не“ — такога не было раней, — працягвае Іна. — Ну ладна, я пагадзілася. Прывезла цела дадому ў Слаўкава ўжо падрыхтаванае. І дома мне кінулася ў вочы, што на шыі баразны ад шнурка няма. Не знайшла я яе. Хоць павінна быць нават ад тонкага матузка. Я ўжо сутыкалася з суіцыднікамі. Дзе тая баразна дзелася?»

Неўзабаве пасьля пахаваньня Іна паспрабавала даведацца ў нясьвіскім СК, што ж насамрэч адбылося зь яе братам пасьля затрыманьня міліцыянтамі. Ёй сказалі, што прызначаная мэдычная экспэртыза і трэба пачакаць яе вынікаў. Прыкладна месяц.

Пасьведчаньне пар сьмерць брата

Заключэньне патолягаанатама

Вынікі экспэртызы прыйшлі зь Менску прыкладна празь месяц, на пачатку студзеня. Каб даведацца пра гэта, Іна некалькі разоў сама хадзіла да мясцовага патолягаанатама. Ён пра завяршэньне экспэртызы расказаць пагадзіўся, але яе вынікаў сястры нябожчыка не паказаў. Сказаў, што ўсе паперы накіроўваюцца да сьледчых.

«Пайшла я да сьледчага, — працягвае расказваць пра свае прыгоды Іна. — Яны мне далі азнаёміцца з часткай папер, з заключэньнем патолягаанатама. На рукі не далі, толькі паказалі. І тое ня ўсё. Частку відэафіксацыі паказалі, але ня ўсё. Я ж даведалася, што ў іх у машыне камэра была і яна працавала. Знаёмыя падказалі. Але здымкі мне паказалі ня ўсе. Толькі тыя, відаць, якія ім трэба было мне паказаць».

У матэрыялах справы, якія Іне паказаў нясьвіскі сьледчы, жанчына знайшла несупадзеньне. Паводле іх, зь Сяргеем Абрамовічам міліцыянты выехалі зь вёскі Затур’я ў 17.05. Там яны правяралі паднагляднага. Да меркаванага месца сьмерці затрыманага адтуль 20 хвілін язды. Аднак, паводле паказаных Іне дакумэнтаў, яе брат загінуў у 18.31. Куды падзелася гадзіна часу — невядома.

«І шнурок яшчэ, — працягвае Іна. — 46 сантымэтраў, напісана. Я мужу ланцужок на шыю набывала — 50 сантымэтраў. Гэта каб свабодна вісеў. А яшчэ ж зачапіцца трэба за нешта. А супрацоўнікі дзе былі вашыя? Белыя і пушыстыя. Ніхто не вінаваты, ён сам. За дарогай сачылі абодва, ніхто нічога ня бачыў».

Карціна, якую брат падарыў Іне

Унутраная праверка

Пасьля гэтага зноў стала ціха. Сястры нябожчыка тлумачылі, што праводзіцца ўнутраная праверка дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі. Займаецца ёю СК, расказаць падрабязнасьці сьледчыя ня могуць. Але Нясьвіж — горад невялікі. Празь некалькі тыдняў знаёмыя параілі набыць сьвежы нумар мясцовай раёнкі «Нясьвіскія навіны». З артыкула, прысьвечанага справаздачнай імпрэзе мясцовай міліцыі, Іна даведалася пра падвышэньне ў званьні аднаго зь міліцыянтаў, які забіраў яе брата.

«Зь лейтэнанта стаў старшым лейтэнантам, — расказвае жанчына. — Я зноў пайшла да сьледчага. Якая можа быць праверка, кажу, калі ўзнагароджваюць супрацоўнікаў? Ён адказаў мне, што гэта за выслугу. Што так трэба. Ну ладна, трэба дык трэба. Я кажу сьледчаму — дайце мне заключэньне патолягаанатама, я напішу вашаму начальніку абласному Сініцыну. Копія мне трэба была. Не далі. Нават ад рукі не далі перапісаць. Сказалі, што калі ўсё скончыцца, я змагу паехаць у Менск і выпісаць тое, што мне трэба».

Праз тыдзень Іна прыйшла да сьледчага, які вёў справу брата, яшчэ раз. Хацела напісаць заяву аб тым, што ня згодная з ходам расьсьледаваньня. Але ў нясьвіскім СК жанчыне сказалі, што заяву ня прымуць. І ўвогуле — справа перададзеная ў Менск і расьсьледаваньнем сьмерці Сяргея Абрамовіча займаюцца цяпер там. Неафіцыйна, на словах Іне патлумачылі, што існуюць падазрэньні аб службовай халатнасьці супрацоўнікаў міліцыі. У чым канкрэтна яны заключаюцца, жанчыне не сказалі.

«Праз год будзем баяцца на вуліцу выйсьці»

«Званіла вось сёньня, сказалі, што праверка прыпыненая на час экспэртызы, — кажа Іна Русак. — Зь Менскам зараз ваюю, назвоньваю. Навошта ім гэтыя экспэртызы, я не разумею. Час сьмерці не сыходзіцца, а псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу нежывога чалавека можна зрабіць. Сваімі дзеяньнямі яны паказваюць, што суіцыду, напэўна, не было. Каб брат быў сынам чыноўніка, то за месяц бы ўсіх знайшлі і пасадзілі без суду, бязь сьледзтва. А так у яго бацька інвалід з адной нагой, нікуды ня дойдзе. Толькі вось сястра трапілася, усё ніяк ня спыніцца».

«Ваяваць» са сьледчымі органамі Іна працягвае адна. У брата Сяргея сям’і не было. Жанчына кажа, што займаецца гэтым ня столькі дзеля сябе, колькі дзеля справядлівасьці. Кажа, што калі настаўнікі і лекары павінны несьці адказнасьць за вучняў і пацыентаў, то і міліцыянты павінны адказваць за затрыманых.

«Нават прабачэньня не папрасілі, — наракае жанчына. — Сказалі б, што, маўляў, нашая віна. Недагледзелі, прабачце. Дык жа нічога. Робяць выгляд, што нічога ня здарылася. Машына адна ехала, бязь іх».

Ніякіх падрабязнасьцяў пра сьмерць брата, нават чутак, Іна за тры месяцы так і не даведалася. Рапартаў міліцыянтаў, дзе тыя апісвалі сваю вэрсію здарэньня, ёй не паказалі. Узгадвае, што ніякіх падазрэньняў у той вечар міліцыянты ў яе ня выклікалі. На вуліцах Нясьвіжа яна іх больш не сустракала. Дамагацца нейкай інфармацыі пра прычыны сьмерці брата Сяргея Іне дапамагае муж. Другі брат, старэйшы, угаворвае спыніцца. Кажа, дабром гэта можа ня скончыцца.

«Ніхто ня верыць, што гэта самагубства было, — расказвае сястра нябожчыка Сяргея Абрамовіча пра рэакцыю знаёмых і суседзяў. — Брата я не вярну, але ў мяне ж таксама ёсьць дзеці. Што будзе заўтра, калі папускаць вось гэта вось усё? Мы праз год будзем баяцца выйсьці на вуліцу. Калі нехта пайшоў у органы, ён жа павінен закон сам выконваць, а не патрабаваць з нас у першую чаргу».

Раней за пачатак красавіка навінаў па справе аб расьсьледаваньні сьмерці брата Іна Русак не чакае. Як ёй патлумачыў сталічны сьледчы, тады павінна вырашыцца — узбудзяць па факце сьмерці затрыманага ў міліцэйскім аўтамабілі крымінальную справу ці прыйдуць да высновы, што вінаватых няма.

«Зь Сяргеем мы ў добрых адносінах былі, — кажа жанчына. — Практычна кожны дзень сазвоньваліся. Па некалькі разоў. І раз, і два пазвоніць. З самага дзяцінства было так у нас. Цяпер ад брата ў мяне толькі карціна засталася. Падарыў мне на дзень народзінаў. Сам намаляваў».