Расейскі грузавы карабель урэзаўся ў мост у Паўднёвай Карэі, капітан быў п’яны. ВІДЭА

Расейскі грузавы карабель Seagrand 28 лютага ўрэзаўся ў апору аўтамабільнага моста Кванан (Gwangan) у паўднёвакарэйскім порце Пусан.

Паводле дадзеных расейскага выданьня «Марскі бюлетэнь», судна прыпісана да порту Ўладзівастока і прывезла ў Карэю груз сталёвых вырабаў вагой паўтары тысячы тон. Інцыдэнт адбыўся пасьля разгрузкі ў порце Пусан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Знойдзены павешаным у Стоўпцах быў сьледчым

Ніхто не быў паранены, але і мост, і сам карабель у выніку сутыкненьня былі моцна пашкоджаны. Цяпер рух па мосьце спынены. Стан карабля і тое, ці зможа ён працягнуць плаваньне, пакуль няясныя. Агенцтва Yonhap паведамляе, што перад тым, як ўрэзацца ў мост, Seagrand таксама закрануў круізнае судна, якое было прышвартавалася ў порце.

Агенцтва Yonhap і паўднёвакарэйская газэта Korea Herald паведамляюць, што капітан Seagrand быў п’яны: менавіта ў гэтым стане яго выявіла паліцыя.

Амбасада Расеі ў Паўднёвай Карэі пакуль не пракамэнтавала інцыдэнт.