Сына экс-прэзыдэнта Армэніі абвінавацілі ў адмываньні грошай і ўхіленьні ад падаткаў 

Сэдрак Качар'ян, старэйшы сын экс-прэзыдэнта Армэніі Робэрта Качар’яна

Супраць старэйшага сына экс-прэзыдэнта Армэніі Робэрта Качар’яна выставілі абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і адмываньні грошай.

Сэдрак Качар'ян знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд, піша армянская служба Радыё Свабода. Ён назваў крымінальную справу супраць сябе атакай улады на ягоную сям’ю.

«СНБ [Служба нацыянальнай бясьпекі] прад’явіла мне абвінавачваньне па сфабрыкаванай справе, нейкае адмываньне грошай», — сказаў Сэдрак Качар’ян.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У палітыцы «ніколі не кажы ніколі». Што яшчэ казаў арыштаваны экс-прэзыдэнт Армэніі

«Былі выстаўлены абвінавачаньні: ўхіленьне ад выплаты падаткаў, адмываньне грошай. Дадатковых дэталяў у дадзены момант я не магу вам даць. Калі мы падрабязьней азнаёмімся, калі мы будзем займацца гэтай справай, калі ня будзе прыцягнуты па гэтай справе новы адвакат, тады ўжо дамо больш дэталёвую інфармацыю», — сказаў адвакат Арам Арбэлян.

Раней стала вядома, што Сьледчая служба Армэніі прад’явіла экс-прэзыдэнту краіны Робэрту Качар’яну новае абвінавачаньне — у атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры. Цяпер ён знаходзіцца пад арыштам па раней вынесеным абвінавачаньні ў зрынаньні канстытуцыйнага ладу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму беларускі гандаль з Армэніяй у 10 разоў меншы, чым з Азэрбайджанам

Абвінавачаньне Качар’яну, які быў прэзыдэнтам Армэніі з 1998 па 2008 год, вылучылі ў межах крымінальнай справы аб падзеях 1 сакавіка 2008 году. У той дзень, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамогу атрымаў Сэрж Саргсьян, адбыліся акцыі пратэсту. Падчас сутыкненьняў паміж сілавікамі і актывістамі загінулі дзесяць чалавек, сотні былі параненыя. Абставіны таго, як гэта здарылася і хто аддаў загад прымяніць сілу супраць пратэстоўцаў, дагэтуль застаюцца нявысьветленымі. Прэзыдэнтам Армэніі на той момант быў Робэрт Качар’ян.