«У 30-я нас бы першымі расстралялі». Лідэр «Дай Дарогу!» Юры Стыльскі — пра панк, Кулінковіча і сагнутых беларусаў

Вострасацыяльны кліп берасьцейскага панк-рок гурту «Дай Дарогу!» прызнаны па вэрсіі некаторых выданьняў лепшым ролікам беларускіх музыкаў за 2018 год. У ім — пра тое, як беларус вынайшаў генэратар бульбы. Фронтмэн гурту Юры Стыльскі не гаворыць па-беларуску, але носіць на майцы бел-чырвона-белы сьцяг і гатовы выступаць на #БНР101. Пра гэта ён расказаў у вялікім відэаінтэрвію.

«За панк магу адказаць»

Нягледзячы на імідж панк-гурту, «Дай Дарогу!», на думку Стыльскага, «ад панку адышоў ужо даўно». Стыльскі кажа, што толькі першы альбом, які выйшаў яшчэ ў 1999 годзе, можна лічыць сапраўдным панк-рокам, а цяпер гурт грае альтэрнатыўны рок, хоць фанаты і параўноўваюць «Дай Дарогу!» з расейскімі «Сектор Газа» або «Король и шут».

«Кулінковічам не пранікся»

Сьмерць Аляксандра Кулінковіча была трагедыяй, сказаў Стыльскі, бо Кулінковіч паўплываў на творчасьць «Дай Дарогу!». Разам з тым цёплых асабістых стасункаў паміж музыкамі не было, і «панк-карону Беларусі яны не дзялілі». А людзі, якія хадзілі на канцэрты Neuro Dubel, ходзяць і на канцэрты «Дай Дарогу!» — «у нас адны і тыя ж фанаты, толькі майкі пераадзяюць».

Юры Стыльскі

«У фільме „Багемная рапсодыя“ пабачыў сябе як музыку»

Камэнтуючы галівудзкі блокбастэр «Багемная рапсодыя» пра лідэра гурту Queen Фрэдзі Мэрк’юры, Юры Стыльскі заўважыў, што хоць ён і «не гамафоб», «некаторыя моманты пра Фрэдзі можна было б і скараціць». Паводле яго, фільм быў бы лепшым, калі б яго здымаў Мэл Гібсан.

«Раней кампазытар павінен быў ведаць ноты»

Рокер прызнаўся, што ня мае музычнай адукацыі, але ўсё яго дзяцінства і юнацтва прайшлі пад клясычную музыку. «Мая сястра ўсё дзяцінства пратарабаніла на піяніна, я слухаў бясконцыя гамы, выхоўваўся на бэтховэнах і глінках. Пасьля захапляўся Віктарам Цоем і рухам, які ён стварыў. Але фактычна ў музыцы я самавук, адукацыі такой ня маю».

Каця Маркоўская

«У палітыку ніколі ня лезьлі, а сацыялка — гэта наш конь»

Юры Стыльскі адмаўляе сваю заангажаванасьць у палітыку, кажа, што ўвогуле ў ёй не разьбіраецца. Але дадае, што паміж сацыялкай, якую гурт падымае ледзь ня ў кожнай кампазыцыі, і палітыкай вельмі тонкая мяжа. Музыка пагаджаецца, што ў Беларусі ёсьць урадлівая глеба для стварэньня панк-гуртоў, але «людзі ходзяць нейкія згорбленыя, баяцца згубіць статус, выказаць думку».

«Калі б былі 30-я гады, ад беларускіх музыкаў застаўся б толькі прах»

Першымі трапілі б пад раздачу, на думку Стыльскага, Neuro Dubel, Brutto, Міхалок, Вольскі і «Дай Дарогу!».

«Удзел у канцэрце 25 сакавіка нават не абмяркоўваўся»

Канцэрт 25 сакавіка 2018 году заяўляўся як «вольны і дазволены», узгадвае Стыльскі. Гурт меў поўны кансэнсус наконт таго, што трэба ехаць і выступаць. На сцэне музыкі пабачылі, што «аўтазакаў хапала і людзі весяліліся пад прыцэлам».

«Але я з задавальненьнем бяру ўдзел у такіх мерапрыемствах, таму што мне гэта роднае», — сказаў рокер і паказаў бел-чырвона-белы сьцяг на майцы «Тактычная група Беларусь».

«У кліпе „Помоги“ здымаліся берасьцейскія беспрацоўныя»

Большасьць актораў здымаліся за 10 рублёў і пачак цыгарэт і гралі ў кліпе самі сябе.

Творчая задума была ў тым, каб паказаць беларусаў, якія спадзяюцца на халяву, стоячы ў чэргах па зьніжкі, скажам, у «Эўраопце». У кліпа — happy end, дачакаліся — атрымалі халяўную бульбу і шчасьлівыя. «Гэта дакладны зьлепак нашага грамадзтва», — кажа Стыльскі.

«У 90-я вазіў трыкатаж у Сургут»

Юры Стыльскі зь Берасьця, але ў Польшчу, як многія беларусы, у 90-я гандляваць ня езьдзіў. Але дапамагаў знаёмай вазіць беларускі трыкатаж у Сыбір. «Мы за два тыдні са 100 даляраў рабілі 1000. Але аднойчы нас на гэтую 1000 кінулі на абмене валюты ў Маскве. З тых часоў Маскву не люблю».

«Шкадую, што ня ўдзельнічаў у выхаваньні сына»

Пра тое, што ў яго ёсьць сын, музыка даведаўся некалькі год таму. Цяпер хлопцу 18 гадоў, ён жыве зь сям’ёй за мяжой, камунікуе з бацькам праз інтэрнэт і хоча быць футбалістам. Чаму яго маці так доўга маўчала, Стыльскі ня ведае. Кажа, што калі б ведаў адразу, то ўзяў бы ўдзел у гадаваньні сына.

«Ад гісторыі з Коржычам пайшлі мурашкі»

Калі стала вядома пра сьмерць шарагоўца, Юры Стыльскі адаптаваў і перазапісаў песьню «Армія». Ён кажа, што ўспрыняў гэтую трагедыю вельмі асабіста, бо сам служыў і сутыкаўся зь дзедаўшчынай.

«Часам граем за 4000 даляраў, часам — бясплатна»

Юры Стыльскі не саромеецца казаць пра карпаратывы і ганарары. «Дай Дарогу!» замаўляюць і футбольныя клюбы, і айцішнікі. Разам з тым гурт удзельнічае ў дабрачынных праектах, грае для дзяцей-сірот і дзяцей з інваліднасьцю. Часам бываюць канцэрты і ў Маскве, але глябальна музыкі пра расейскую сцэну ня думаюць — «і ў Беларусі добра».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.