Трамп: Паўночная Карэя стане «эканамічнай ракетай»

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША пацьвердзіў, што яго другая сустрэча з Кім Чэн Ынам адбудзецца ў канцы лютага.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у «Твітэры»:

«Паўночная Карэя пад кіраўніцтвам Кім Чэн Ына стане вялікім Эканамічным Лякаматывам. Ён можа зьдзівіць некаторых, але ён не зьдзівіць мяне, таму што я ведаю яго і цалкам разумею, наколькі ён здольны. Паўночная Карэя стане іншай ракетай — эканамічнай!».

Трамп таксама пацьвердзіў, што яго сустрэча з Кім Чэн Ынам адбудзецца 27 і 28 лютага ў сталіцы Віетнама — Ханоі, і што яго прадстаўнікі правялі ў Паўночнай Карэі «вельмі прадуктыўную сустрэчу». Ён дадаў, што чакае сустрэчы з Кім Чэн Ынам у імя міру.

У афіцыйнай заяве Дзярждэпартамэнта ЗША ад 8 лютага 2019 года гаворыцца, што спэцыяльны прадстаўнік ЗША ў Паўночнай Карэі правёў трохдзённыя перамовы ў Пхеньяне па падрыхтоўцы саміту ў Ханоі. Дзярждэпартамэнт не паведаміў пра які-небудзь прагрэс, дасягнуты на гэтых сустрэчах.

Як адзначае агенцтва Reuters, бакі ўсё яшчэ далёкія ад збліжэньня пазыцый па пытаньні адмовы Паўночнай Карэі ад ядзернай праграмы.