Прынцэса Тайлянду хоча стаць прэм’ер-міністрам. Кароль супраць

Прынцэса Ўболратана, 2010 год

Старэйшая сястра тайскага караля, прынцэса Ўболратана, будзе прэтэндаваць на пасаду прэм’ер-міністра краіны.

Кароль Тайлянду асудзіў рашэньне сваёй сястры ўступіць у барацьбу за пасаду прэм’ер-міністра. Ён заявіў, што падобны ўдзел члена каралеўскай сямʼі ў палітычных выбарах супярэчыць нацыянальным традыцыям.

67-гадовая прынцэса, згодна з рэгістрацыйнымі дакумэнтамі, вылучылася ад апазыцыйнай «Партыі тайскіх патрыётаў», зьвязанай з былым прэмʼер-міністрам Таксінам Чынаватам.

Яе рашэньне супярэчыць традыцыйнай пазыцыі каралеўскай сямʼі Тайлянду, члены якой заўсёды стаялі ў баку ад палітыкі. Незадаволенасьць 66-гадовага манарха можа прывесьці да таго, што выбарчая камісія дыскваліфікуе прынцэсу.

Выбары ў Тайляндзе прызначаныя на 24 сакавіка. Яны даюць краіне шанец вярнуцца да дэмакратыі пасьля пяці гадоў вайсковага праўленьня.