«Расея рыхтуецца да вайны». Швэдзкі інстытут прааналізаваў вайсковыя вучэньні Расеі ў 2009-2017 гадах

Падчас расейскіх вайсковых вучэньняў «Усход-2018»

«Расея рыхтуецца да вайны» — з такім загалоўкам 7 лютага выйшаў даклад Швэдзкага інстытуту абаронных дасьледаваньняў, дзяржаўнага агенцтва пры Міністэрстве абароны краіны. У дакладзе гаворыцца пра рост маштабаў вайсковых вучэньняў Расеі і зьмены мэтаў трэнаваньняў.

Паводле дасьледаваньня, за апошнія 10 гадоў маштаб вайсковых вучэньняў Расеі вырас у дзясяткі разоў.

Аналітыкі Швэдзкага інстытуту абаронных дасьледаваньняў у адкрытых крыніцах вывучылі дадзеныя аб усіх манэўрах з 2009 году. Калі тады ў іх бралі ўдзел 10-20 тысяч чалавек, дык у 2017-м у вучэньнях у заходніх рэгіёнах Расеі былі задзейнічаныя ўжо 100 тысяч вайскоўцаў. А ў вучэньнях «Усход-2018» увосень 2018 году — больш за 300 тысяч, рэкордны маштаб за амаль 40 гадоў.

Гэта дало Расеі «вайсковыя мускулы», лічыць Юхан Нюрбэрг з Швэдзкага інстытуту абаронных дасьледаваньняў. «Важна, што гэтыя вучэньні былі накіраваныя і на вайсковы мозг — каманднае кіраваньне. Усе манэўры былі нацэленыя на ўзровень, які Мінабароны Расеі называе „ўзроўнем стратэгічных апэрацый“. І калі вы паглядзіце на азначэньне гэтага тэрміну, то ўбачыце, што ён паходзіць з тэатру ваенных дзеяньняў, ахоплівае некалькі частак кантынэнту».

За апошнія 10 гадоў Расея ўжывала свае ўзброеныя сілы ў пяцідзённай вайне з Грузіяй, пры анэксіі Крыму і ў Сырыі. Аднак усе гэтыя кампаніі несувымерна малыя ў параўнаньні з узроўнем канфлікту, да якога Расея рыхтавалася падчас апошніх маштабных вучэньняў, гаворыцца ў дакладзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка ЗША: Расея і Кітай уяўляюць галоўную пагрозу

Аналітыкі адзначаюць выкарыстаньне ўсіх родаў войскаў і відаў узбраеньняў, паляпшэньне баявой гатоўнасьці расейскіх войскаў і робяць высновы, што Расея рыхтуецца да магчымасьці весьці працяглую рэгіянальную вайну. Меркаваныя праціўнікі не называюцца, але маштабам яны могуць быць сувымерныя з Кітаем ці NATO.

У Камітэце абароны Дзярждумы Расеі абверглі высновы швэдзкіх экспэртаў. «Мы не рыхтуемся да вайны, і мы не рыхтуемся ні на кога нападаць», — заявіў «Інтэрфаксу» першы намесьнік кіраўніка камітэту Андрэй Прыгожы. Паводле яго, усе вучэньні, якія праводзіць Расея, маюць абарончы характар.