У Беларусі трэці раз за тыдзень паведамілі пра «мінаваньне» будынку

Ілюстрацыйнае фота

Паведамленьне пра мінаваньне будынку міжраённага камітэту дзяржкантролю ў Мазыры аказалася ілжывым, піша БелТА. Гэта трэцяе такое паведамленьне за тыдзень. 5 лютага невядомыя паведамлялі пра мінаваньне касаў «Белавія» ў Менску і Віцебску. Інфармацыя не пацьвердзілася, а спэцслужбы дадаткова праверылі касы авіякампаніі ў Гомлі, пісаў Tut.by.

Пра мінаваньне будынку камітэту дзяржаўнага кантролю ў Мазыра паведамілі раніцай 6 лютага дзяжурнай частцы Гомельскага ўпраўленьня ўнутраных спраў. У будынку таксама знаходзяцца інтэрнат, крама, памяшканьні Мазырскага ЖКГ і аддзяленьне ДАІ.

З будынку эвакуявалі 83 чалавека, таксама каля 250 чалавек вывелі з будынку суседняга Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэю.

Выбуховых прылад ня выявілі. На месцы працавалі супрацоўнікі міліцыі, Сьледчага камітэту, міністэрства па надзвычайных сытуацыях, сапёры і службовыя сабакі.

Праваахоўнікі высьвятляюць, хто паведаміў, пра ілжывае мінаваньне. Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу.

Летась па краіне міліцыя зафіксавала 23 ілжывых «паведамленьня аб небясьпецы», піша МУС Беларусі. Паводле арт. 340 Крымінальнага кодэксу заведама ілжывае паведамленьне аб небясьпецы можа карацца:

  • штрафам ці арыштам;
  • да 5 гадоў абмежаваньня волі;
  • ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.