За згвалтаваньне і забойства, учыненыя 20 гадоў таму, жыхара Баранавічаў асудзілі на 24 гады

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Берасьцейскі абласны суд 4 лютага на закрытым паседжаньні разгледзеў крымінальную справу супраць неаднаразова судзімага жыхара Баранавічаў. Прысудзілі 24 гады 3 месяцы калёніі строгага рэжыму.

Мужчыну асудзілі за згвалтаваньне непаўналетняй і забойства. Таксама асуджаны мусіць сплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды пацярпеламу памерам 30 000 рублёў.

Як знайшлі злачынцу?

Цела забітай жыхаркі Баранавічаў 1984 году нараджэньня выявілі ў чэрвені 1999 года. Падчас агляду месца здарэньня, экспэрты заўважылі біялягічны матэрыял, які мог належаць злачынцу. У той момант спэцыялісты не маглі вылучыць ДНК з матэрыялу праз «адсутнасьць неабходнага матэрыяльна-тэхнічнага абсталяваньня», піша Генэральная пракуратура.

У лютым 2018 году праваахоўнікі накіравалі экспэртам біялягічныя матэрыялы асоб датычных да разбойнага нападу, каб іх параўналі з матэрыяламі нераскрытых злачынстваў мінулых гадоў. Адзін матэрыялаў супаў па генатыпе з матэрыялам, які выявілі на месцы забойства ў 1999 годзе. Злачынцу тады было 20 гадоў.