Трамп: пэрспэктыва паўторнага «шатдаўну» цалкам рэальная

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп кажа, што рэспубліканцы і дэмакраты ў Кангрэсе, верагодна, могуць не прыйсьці да пагадненьня па пытаньні будаўніцтва сьцяны на мэксыканскай мяжы. Такім чынам можа зноў спыніцца фінансаваньне часткі дзяржаўных устаноў — вернецца так званы «шатдаўн».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп і Кангрэс дамовіліся пра часовае фінансаваньне дзяржаўных службоўцаў ЗША

У каманды з 17 заканадаўцаў, якія вядуць перамовы, ёсьць час да 15 лютага, каб дамовіцца, бо ў гэты дзень мінаюць кароткатэрміновыя дамоўленасьці па бюджэце. Гэтыя дамоўленасьці далі магчымасьць аднавіць працу ведамстваў, якія не працавалі падчас самага доўгага ў гісторыі ЗША «шатдаўну» — ён доўжыўся 35 дзён.

«Я б сказаў, што шанцы на тое, што Кангрэс дамовіцца, менш чым пяцьдзесят на пяцьдзесят, хоць у камандзе перагаворшчыкаў ёсьць шмат здольных людзей, — заявіў Трамп ў нядзельным інтэрвію амэрыканскаму выданьню The Wall Street Journal. — Паўтарэньне "шатдаўну" ў гэтым выпадку цалкам рэальнае».

Па словах прэзыдэнта ЗША, «вельмі сумнеўна», што ён пагодзіцца «на нейкую ўгоду, якая не ўключае 5,7 мільярда даляраў» — грошы, якія ён запытаў на будаўніцтва памежнай сьцяны і ў якіх яму адмовілі дэмакраты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фукуяма пра тое, у чым ён згодны з Лукашэнкам і як стрымаць Расею

Трамп таксама сумняваецца, што прыме прапанову, паводле якой за атрыманьне сродкаў на будаўніцтва сьцяны ён пагодзіцца даць грамадзянства ЗША так званым «летуценьнікам» — імігрантам, якіх бацькі незаконна ўвезьлі ў Злучаныя Штаты ў юным узросьце.