Самы папулярны платны музэй Вашынгтону прадае свой будынак

Фотаздымкі загінулых журналістаў на Newseum's Journalists Memorial.

Вашынгтонскі музэй гісторыі мэдыя «Newseum» прадасьць свой будынак у цэнтры гораду ўнівэрсытэту Джона Хопкінса за 372,5 мільёна даляраў з прычыны даўгоў, паведаміла прэсавая служба музэю. За год установу наведвалі 800 тысяч чалавек, гэта самы папулярны зь нямногіх платных музэяў у горадзе.

З 2008 года кіруючая ім арганізацыя прыцягнула 600 мільёнаў даляраў на будаўніцтва і разьвіцьцё музэю, аднак гэтых грошай не хапае на падтрымку яго працы. З моманту адкрыцьця ў дзеючым будынку з выглядам на Капітолій у 2008 годзе музэй заўсёды расходаваў больш, чым зарабляў, пісала ў 2018 годзе газэта The Washington Post са спасылкай на падатковыя дакумэнты.

Фрагмэнт Бэрлінскага муру ў музэі.

Музэй мэдыя распавядае наведвальнікам аб сусьветнай гісторыі журналістыкі, пра розныя журналісцкія фарматы і важнасьць незалежнасьці мэдыя для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці.

У музэі разьмешчаныя студыі, якія здаюцца ў арэнду амэрыканскім тэлеканалам. На адной са сьцен музэю нанесеныя імёны каля 2500 журналістаў з усяго сьвету, якія загінулі пры выкананьні сваіх працоўных абавязкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У амэрыканскім Музэі навінаў пэнсіянэраў вучаць распазнаваць фальшывыя навіны

Пасьля продажу будынка музэй будзе адкрыты да канца году. Яго далейшы лёс няясны.