Затрыманага сёньня ў Флорыдзе Роджэра Стоўна, аднаго з ключавых дарадцаў Дональда Трампа ў пэрыяд прэзыдэнцкай перадвыбарчай кампаніі, суд выпусьціў пад заклад 250 тысяч даляраў. Як паведамляе агенцтва Associated Press, пасьля вызваленьня Стоўн заявіў пра сваю невінаватасьць.
Затрыманьне Стоўна агентамі ФБР зьвязанае з «расейскім расьсьледаваньнем», якое вядзе спэцпракурор Робэрт Мюлер. Былому дарадцу Трампа выстаўленыя абвінавачваньні ў перашкодзе правасудзьдзю, ціску на сьведак, каб яны давалі ілжывыя паказаньні, а таксама ў хлусьні падчас паказаньняў у Кангрэсе. Санкцыю на арышт Стоўна выдаў суд у Вашынгтоне напярэдадні, 24 студзеня.
Роджэр Стоўн сьцьвярджае, што ён першым, яшчэ ўвесну 1998 году, прапанаваў Трампу балятавацца на пасаду прэзыдэнта.