Сёньня ў Кіеве павінны абвясьціць прысуд Януковічу

Віктар Януковіч, лістапад 2016 году

Абалонскі раённы суд Кіева 24 студзеня мусіць абвясьціць прысуд былому прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу, абвінавачанаму ў дзяржаўнай здрадзе.

Як паведамляе прэс-служба суду, пачатак пасяджэньня заплянаваны на 09:00.

Судзьдзя Ўладзіслаў Дзявятка, які старшыняваў на пасяджэньнях у справе Януковіча, 5 сьнежня абвясьціў, што суд ідзе ў дарадчы пакой для вынясеньня прысуду.

Паводле судзьдзі, 5 сьнежня адбывалася ўжо 89-е судовае пасяджэньне; яно праводзілася без удзелу Януковіча, але права на абарону яму гарантавалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракуратура Ўкраіны хоча пасадзіць Януковіча на 15 гадоў за дзяржаўную здраду

Бок абвінавачваньня 16 жніўня запрасіў 15 гадоў зьняволеньня для Януковіча.

Паводле зьвестак Генпракуратуры, Януковіча падазраюць у злачынствах, прадугледжаных артыкуламі «дзяржаўная здрада», «дапамаганьне ў наўмысных дзеяньнях, учыненых з мэтай зьмены межаў тэрыторыі і дзяржаўнай мяжы Ўкраіны» і «дапамаганьне ў вядзеньні агрэсіўнай вайны». Ён вінаватым сябе ня лічыць.

Януковіч і шэраг яго паплечнікаў уцяклі з Украіны ў 2014 годзе пасьля расстрэлу пратэстоўцаў на Майдане.