10 чалавек загінулі пры пажары на двух танкерах пад сьцягам Танзаніі ў раёне Керчанскай пратокі. Пра гэта паведамляе агенцтва Інтэрфакс. На адным з суднаў адбыўся выбух пры перавалцы паліва на другое судна, удакладняе агенцтва.
Экіпаж суддаў складаўся з 31 чалавека, грамадзян Турцыі і Індыі. На месцы працуюць дзесяць выратавальных караблёў, удакладняе агенцтва.
Пажар адбыўся ў нэўтральных водах на якарнай стаянцы і не паўплываў на суднаходзтва ў Керчанскай пратоцы.
Паводле дамовы паміж Расеяй і Ўкраінай, суднаходзтва ў Керчанскай пратоцы рэгулюецца з порту Керчы. Цяпер ён кантралюецца Расеяй, якая анэксавала Крымскі паўвостраў.