Беларусь пачне складаць «дарожную мапу структурных рэформаў» з Сусьветным банкам

Ілюстрацыйнае фота

Першае паседжаньне міжведамаснай працоўнай групы па арганізацыі супольнай працы з Сусьветным банкам для падрыхтоўкі «дарожнай мапы структурных рэформаў у Рэспубліцы Беларусь» адбудзецца да канца студзеня, паведаміў БелТА намесьнік міністра эканомікі Беларусі Дзьмітры Ярашэвіч — кіраўнік гэтай групы.

На паседжаньні, расказаў чыноўнік, плянуецца скласьці каляндарны графік канкрэтных мерапрыемстваў, які затым унясуць на разгляд ва ўрад. У ліку мераў у структурным рэфармаваньні ён назваў ня толькі «далейшую падтрымку ўзважанай грашова-крэдытнай палітыкі», але і ўдасканаленьне сацыяльнай абароны і падвышэньне эфэктыўнасьці выкарыстаньня дзяржаўнай маёмасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прагноз па росьце эканомікі Беларусі за 2018 год недавыкананы на 0,5%

Доўгі шэраг эканамічных прадугледжаны і самім Аляксандрам Лукашэнкам у «праграме на пятую пяцігодку», і новым урадам зь Сяргеем Румасам на чале. Праграма ўраду прадугледжвала стварэньне некаторых дадатковых дарожных мапаў і правядзеньне некаторых новых рэформаў. Але Лукашэнка абурыўся «некаторымі сыгналамі» аб тым, што ўрад сабраўся займацца выпрацоўкай стратэгіі, хоць стратэгія ўжо выпрацаваная — «яна вызначаецца прэзыдэнтам», казаў ён. Ураду, дадаў Лукашэнка, «давядзецца рабіць усё: і гной вывозіць на палі, і сеяць, і ўбіраць...».

Тым часам Сусьветны банк прагназуе «стрэсавыя сытуацыі» ў фінансавай сфэры Беларусі, адзначае дэфіцыт у рахунку бягучых апэрацый і значны аб’ём запазычанасьці ў замежнай валюце, а таксама магчымае «запавольваньне або скасаваньне структурных рэформаў». Міжнародны валютны фонд дапускае «сьціплы рост» беларускай эканомікі і ў адсутнасьць рэформаў, але толькі пры ўмове поўнай кампэнсацыі Расеяй ейнага «падатковага манэўру».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк назваў галоўныя праблемы Беларусі, якія замаруджваюць эканамічны рост