Прэзыдэнт ЗША адклаў турнэ сьпікера Кангрэсу праз «шатдаўн»

Сьпікер Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі

Прэзыдэнт ЗША паведаміў сьпікеру Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэлосі аб адтэрміноўцы яе візыту ў Брусэль, Эгіпет і Аўганістан праз прыпыненьне працы ўраду. Копія ліста Дональда Трампа апублікаваная ў твітэры Белага дома. Трамп адзначыў, што паездка можа адбыцца пасьля заканчэньня закрыцьця ўраду.

«Я таксама думаю, што на працягу гэтага пэрыяду будзе лепш, калі вы будзеце весьці перамовы са мной у Вашынгтоне і далучыцеся да руху за будаўніцтва сьцяны, каб спыніць бюджэтны крызіс», — піша Трамп. Ён удакладніў, што Пэлосі можа ажыцьцявіць паездку камэрцыйным рэйсам.

29 студзеня Трамп павінен выступаць з штогадовым прэзыдэнцкім пасланьнем у Кангрэсе ЗША. 16 студзеня Пэлосі папрасіла яго перанесьці зварот на больш позьні тэрмін з прычыны «шатдаўну». Тэлеканал CNN са спасылкай на крыніцы ў Белым доме дакладвае, што Трамп не зьбіраецца пераносіць выступ. Аднак рашэньне аб запрашэньні прэзыдэнта ў Кангрэс прымае сьпікер.

Трамп запрасіў на будаўніцтва загароды на паўднёвай мяжы больш за пяць мільярдаў даляраў. Аднак дэмакратычная большасьць у Кангрэсе ЗША адмовілася ўзгадніць фінансаваньне. Гэта прывяло да частковага прыпыненьня працы ўраду.

11 студзеня больш за 800 тысяч фэдэральных работнікаў не атрымалі заробкаў, якія ім павінны былі выплаціць у гэты дзень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апанэнтка Буша і Трампа, трэці чалавек у ЗША. Чым знакамітая Нэнсі Пэлосі