Пакуль прэзыдэнт Зымбабвэ гасьцюе ў Беларусі, ягоныя сілавікі страляюць у пратэстоўцаў. ФОТА

Пратэсты ў Харарэ

17 студзеня Аляксандар Лукашэнка правядзе перамовы з прэзыдэнтам Зымбабвэ Эмэрсанам Мнангагвам, які знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візытам. Як паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба, будуць абмяркоўвацца палітычныя і гандлёва-эканамічныя стасункі.

Да гэтага Мнангагва наведаў Расею, дзе сустрэўся са сваім калегам Уладзімірам Пуціным. Як перадае агенцтва ТАСС, вышэйшыя кіраўнікі дамовіліся пра ўзмацненьне эканамічнага супрацоўніцтва.

Пратэсты ў Харарэ, 14 студзеня 2019 году

Прэзыдэнт Зымбабвэ казаў, што прыбыў у Маскву, каб прыцягнуць інвэстыцыі. У прыватнасьці расейскаму боку прапанавана ўдзельнічаць у здабычы алмазаў і мадэрнізацыі арміі.

«Рашэньне эканамічных праблемаў Зымбабвэ — манумэнтальная задача, — адзначыў ён. — І хоць гэта не заўсёды адчуваецца, мы рухаемся ў правільным кірунку».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь едзе прэзыдэнт Зымбабвэ. 5 рэчаў, якія зьмяніліся ў краіне з новым лідэрам

У якім аб’ёме ўдалося дасягнуць задачы, не ўдакладняецца. Аднак зымбабвійскі лідэр адзначыў «важную ролю» Расеі ў разьвіцьці афрыканскага кантынэнту, нагадаўшы, што тая спрыяла барацьбе з каляніяльным рэжымам у рэгіёне і дагэтуль падтрымлівае краіны Афрыкі.

Пакуль Эмэрсан Мнангагва ажыцьцяўляе эўрапейскі ваяж, у Зымбабвэ адбываюцца жорсткія сутычкі насельніцтва з паліцыяй, справакаваныя двухразовым падвышэньнем цэнаўна паліва.

Арыштаваныя падчас пратэстаў у Харарэ, 16 студзеня 2019 году

Паранены пратэстоўца ў бальніцы Харарэ, 16 студзеня 2019 году

Салдаты разганяюць дэманстрантаў у Харарэ,15 студзеня 2019 году

Як паведамляе ВВС, людзі перакрываюць дарогі, узводзяць барыкады, падпальваюць аўтамабільныя шыны.

Паступаюць зьвесткі, што некалькі чалавек загінулі, блізу двух дзясяткаў параненыя, сотні пратэстоўцаў арыштаваныя.