16 студзеня будзе вырашацца, ці выселяць сядзібу БНФ

  • БелаПАН

Фота з офісу сядзібы БНФ

Партыя БНФ спадзяецца на працяг арэнды цэнтральнага офісу ў Менску. Пра гэта 12 студзеня БелаПАН заявіў старшыня арганізацыі Рыгор Кастусёў.

Паводле яго, за два з паловай месяцы партыі ўдалося сабраць праз ахвяраваньні на арэнду больш як 23 тыс. рублёў. Каб цалкам пагасіць запазычанасьць трэба яшчэ 11 тыс. Кастусёў спадзяецца, што гэты плацёж удасца пагасіць да 1 лютага.

«Рашэньне будзе прымацца не эканамічнае, а палітычнае. Калі будзе прынятае палітычнае рашэньне, Партыю БНФ выселяць», — падкрэсьліў Кастусёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя БНФ зьвярнулася па грашовую дапамогу да вязьняў Плошчы-2010 

Суд паводле пазову дзяржпрадпрыемства «Домэнергасэрвіс» да Партыі БНФ прызначаны на 16 студзеня. Пазоўнік патрабуе скасаваць дамову аб арэндзе памяшканьня па адрасе Чарнышэўскага, 3, якое партыя займае ад 2011 году. Падставай для пазову стала запазычанасьць па аплаце арэнды памяшканьня, дзе месьціцца сядзіба Партыі БНФ.

У памяшканьне на вуліцы Чарнышэўскага Партыя БНФ вымушана была пераехаць з офісу па праспэкце Машэрава, 8, пасьля таго, як у траўні 2011 году яе выселілі паводле пазову ЖРЭА Савецкага раёну Менску. У ранейшым будынку штаб-кватэра партыі разьмяшчалася ад 1992 году.

Кампанія збору сродкаў на аплату арэнды цэнтральнага офісу Партыі БНФ была абвешчаная ў леташнім лістападзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эканамічны суд Менску вырашыць, ці высяляць з офісу Партыю БНФ