Канстытуцыйны суд Літвы падтрымаў аднаполыя шлюбы замежнікаў

Ілюстрацыйнае фота

Канстытуцыйны суд Літвы вырашыў, што дзяржава павінна даць дазвол на жыхарства замежнаму грамадзяніну, калі той заключыў аднаполы шлюб зь літоўцам у іншай краіне. Пры гэтым у самой Літве аднаполыя шлюбы не дазволеныя. Рашэньне Канстытуцыйнага суду было апублікаванае ў пятніцу, 11 студзеня, паведамляе «Нямецкая хваля».

Як вынікае зь вэрдыкту суду, абмежаваньне права на ўзьяднаньне аднаполых сем’яў не стасуецца з забаронай на дыскрымінацыю і палажэньнямі, якія абараняюць чалавечую годнасьць. У дазволе на жыхарства замежніку можа быць адмоўлена на падставе іншых прычын, напрыклад, калі шлюб або зарэгістраванае партнэрства будуць прызнаныя фіктыўнымі. Канстытуцыйнае разуменьне сямʼі ў Літве зьяўляецца «нэйтральным у дачыненьні да полу», падкрэсьліваецца ў дакумэнце.

У Дэпартамэнце міграцыі Літвы заявілі, што будуць выдаваць дазволы на жыхарства замежнікам, якія заключылі аднаполы шлюб зь літоўцамі. «Гэта цалкам дакладнае тлумачэньне. І зараз ні ў каго больш ня будзе ўзьнікаць пытаньняў і дыскусіяў, як тлумачыць палажэньні закону», — заявіла кіраўнік ведамства Эвэліна Гудзінскайтэ.