Справа на 6 мільёнаў рублёў. Вынесьлі прысуд карупцыянэрам зь Мінабароны

Абвінавачаны Аляксандар Кулагін адзіны падчас суду быў у жалезнай клетцы

8 студзеня ў Фрунзенскім раённым судзе Менску абвясьцілі прысуд у гучнай справе карупцыянэраў зь Міністэрства абароны Беларусі і прадпрымальнікаў.

Паводле сьледзтва, у вайсковай установе шмат гадоў бралі хабар за спрыяньне літоўскай фірме «Аксамэда» ў пастаўках для Мінабароны па завышаных цэнах расейскага зімовага дызэльнага паліва. Сьледчыя ацанілі меркаваныя страты, нанесеныя ў выніку гэтых угодаў, у 6 мільёнаў рублёў.

Увечары 8 студзеня былі абвешчаныя прысуды.

  • Аляксандру Кулагіну, уласьніку фірмы «Аксамэда», — 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму за махлярства і ўхіленьне ад падаткаў. У яго канфіскуюць маёмасьць — некалькі зямельных участкаў, пабудоваў і аўтамабіляў.
  • Алегу Хартановічу, кіраўніку фэрмэрскай гаспадаркі «Ігуменскае», — 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Яго прызналі вінаватым у хабарніцтве і махлярстве.
  • Барысу Лазерку, бізнэсоўцу, грамадзяніну Расейскай Фэдэрацыі, — 6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.
  • Аляксандру Пракаповічу, палкоўніку, былому працаўніку Міністэрства абароны, — 3 гады зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня палкоўніка.
  • Андрэю Нясмачнаму, падпалкоўніку, працаўніку ўпраўленьня паліва і змазачных матэрыялаў Мінабароны, — 6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем званьня падпалкоўніка

З Кулагіна суд таксама пастанавіў спагнаць 5,9 мільёна рублёў салідарна з Хартановічам, а таксама больш за 4 мільёна рублёў разам з Хартановічам і Лазеркам у якасьці кампэнсацыі дзяржаве за нанесеныя страты.

У абвінавачаных канфіскавалі аўтамабілі, наяўныя грошы, каштоўныя манэты ды іншую маёмасьць.

Кулагін і Хартановіч сказалі, што будуць абскарджваць прысуд. Лазерка ня будзе.

«Нам краіну ратаваць трэба, а мы ўжо ня ведаем, як яшчэ камэрсантаў прыціснуць», — казаў Хартановіч.

Кулагін віну прызнаў часткова, іншыя абвінавачаныя віны ў хабарніцтве не прызналі, адвакаты прасілі для іх апраўдальных прысудаў. Алег Хартановіч заявіў у апошнім слове, што справа за махлярства супраць яго была сфабрыкаваная.

А абодва вайскоўцы віну ў хабарніцтве прызналі цалкам. Пракаповіч і Нясмачны ў апошнім слове прасілі суд не пазбаўляць іх волі, каб была магчымасьць кампэнсаваць нанесеныя страты.

Кулагін адзіны з абвінавачаных, хто быў пад вартай, астатнія — пад хатнім арыштам. Паводле сьледзтва, супрацоўнікі Мінабароны давалі бізнэсоўцам выгадную для іх інфармацыю пра патрэбы ў пастаўках паліва, закрывалі вочы на завышаныя цэны, спрыялі ў падпісаньні кантрактаў і за гэта рэгулярна атрымлівалі праз пасярэдніка хабар памерам ад 10 да 20 тысяч даляраў, — усяго на 85 тысяч даляраў. Фігуруюць у абвінавачаньні і артыкулы аб махлярстве і нявыплаце падаткаў.

Пракурор патрабаваў пакараць падсудных тэрмінамі ад 6 да 10 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

На працэсе, які цягнуўся больш за 3 месяцы, гучала імя яшчэ аднаго супрацоўніка Мінабароны, які, як мяркуецца, таксама браў хабар. Яшчэ да сьледзтва гэты афіцэр скончыў жыцьцё самагубствам.