Сёньня ў Расеі хаваюць першых ахвяраў выбуху ў Магнітагорску

Жыхары Магнітагорску прыносяць кветкі на месца здарэньня

Пахаваньні шасьці чалавек, якія загінулі 31 сьнежня ў выніку частковага абвалу шматкватэрнага дома ў расейскім горадзе Магнітагорску, адбудуцца 4 студзеня, паведамілі мясцовыя чыноўнікі.

Пяць пахаваньняў адбудуцца ў Магнітагорску, а шостае — у вёсцы Агапаўка.

Таджыцкая служба Радыё Свабода паведаміла, што целы чатырох загінулых таджыкаў будуць дастаўленыя ў Таджыкістан пасьля рэлігійнай службы ў суседнім Чалябінску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска, якая загінула ў Магнітагорску, была ў вайну снайпэрам, перажыла блякаду, — СМІ

Сама меней 39 чалавек загінулі, калі частка 10-павярховага дома разбурылася пасьля выбуху ў паўднёваўральскім горадзе з насельніцтвам звыш 400 тысяч чалавек. Афіцыйна прычынай трагедыі называюць уцечку газу ў шматкватэрным доме, пабудаваным у 1973 годзе. Усяго ў гэтым доме жылі каля 1100 чалавек.

Міністэрства надзвычайных сытуацый Расеі 3 студзеня аб’явіла аб заканчэньні пошукавай апэрацыі. Намесьнік міністра Аляксандар Чупрыян паведаміў, што целы 38 з 39 загінулых апазнаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць загінулых ад выбуху ў Магнітагорску ўзрасла да 37 чалавек