У польскай амбасадзе патлумачылі, чым заменяць візы «на закупы»

Шэнгенская віза, фота:Shutterstock

Адмена візаў «на закупы» — тэхнічны крок, які не прынясе нязручнасьцяў беларусам, удакладняюць у польскай амбасадзе.

Ад 2 студзеня польскія візавыя цэнтры і консульствы больш ня будуць выдаваць візы «на закупы». Але гэтыя зьмены тэхнічныя і «не прынясуць нязручнасьцяў», гаворыцца ў паведамленьні польскай амбасады ў Беларусі.

«Мэта зьменаў — яшчэ большая адкрытасьць да патрэб грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ўяжджаюць у Польшчу, а таксама ўяжджаюць праз Польшчу ў іншыя краіны Шэнгенскага пагадненьня. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія падаюць дакумэнты на атрыманьне візы, гэтыя зьмены не прычыняць нязручнасьці», — адзначаецца ў паведамленьні амбасады.

Раней, каб атрымаць візу «на закупы», беларусам трэба было сярод іншых дакумэнтаў прыкласьці заяву аб намеры рабіць пакупкі ў Польшчы. Цяпер жа трэба будзе падаваць пацьверджаньне наяўнасьці грашовых сродкаў, страхавы поліс, а таксама пацьверджэньне рэзэрваваньня гатэлю ў Польшчы на час знаходжаньня або дамовы арэнды жылога памяшканьня ў Польшчы.

Фактычна візы «на закупы» заменяць звычайнымі турыстычнымі візамі. У паведамленьні амбасады адзначаецца, што «консульскія ўстановы Рэспублікі Польшчы ў Беларусі выдаюць амаль палову ўсіх шэнгенскіх візаў у Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Польшча не была і не зьяўляецца нейкай перашкодай». Амбасадар пра стасункі, візы і палякаў Беларусі