Грузінская праваслаўная царква падтрымае ўкраінскую аўтакефалію, але толькі пасьля пастановы Ўсяленскага патрыярха

Завяршылася пасяджэньне Сьвятога сыноду Грузінскай праваслаўнай царквы, якое праходзіла 27 сьнежня цягам амаль трох гадзін, паведамляе «Эхо Кавказа».

Як заявіў пасьля пасяджэньня сыноду архіяпіскап Засіма Цылканскай і Душэцкай эпархіі, абмяркоўвалася пытаньне прызнаньня аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царквы, аднак Сьвяты сынод устрымаўся ад канкрэтнага рашэньня да таго часу, калі будзе апублікаваная пастанова Ўсяленскага патрыярха.

Паводле яго, Грузінская праваслаўная царква, як мяркуецца, падтрымае аўтакефалію Ўкраінскай царквы, аднак канчатковае рашэньне будзе вядома пазьней.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй царквы

«У студзені будзе апублікаваная пастанова Ўсяленскага патрыярха, і наша царква прыме рашэньне пасьля гэтага. Цяпер мы устрымаліся. Грузінская праваслаўная царква падтрымае аўтакефалію Ўкраінскай праваслаўнай царквы», - заявіў уладыка Засіма.