Шуневіч патлумачыў, што значыць «жэстачайшая лібэралізацыя»

Ігар Шуневіч

27 сьнежня ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу ОНТ міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч адказаў на пытаньне пра тое, што значылі ягоныя словы пра «жэстачайшую лібэралізацыю» пасьля прыняцьця новага закону аб масавых мерапрыемствах.

Вядоўца праграмы спытаўся, ці будзе лічыцца масавым мерапрыемствам, калі, напрыклад, вядомы блогер запросіць праз сацыяльныя сеткі людзей у гандлёвы цэнтар адзначыць свой дзень народзінаў. У адказ міністар паабяцаў, што «калі ўсё рабіць культурна», міліцыя ня будзе ўмешвацца. Паводле Шуневіча, «тыя людзі, якія спрабуюць правакаваць уладу», самі разумеюць мяжу паміж дазволеным і недазволеным. Міністар сказаў, што беларускі закон аб масавых мерапрыемствах арыентуецца на перадавы досьвед іншых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шуневіч: Я адчуваю гонар за форму НКВД

Адказваючы на пытаньне, як міліцыя будзе абыходзіцца з журналістамі-фрылансэрамі, Шуневіч сказаў пра неабходнасьць для журналіста мець пры сабе патрэбныя дакумэнты і вонкавыя знакі ідэнтыфікацыі. Інакш, паводле Шуневіча, журналіст-фрылансэр павінны быць гатовым сустрэць таго, «хто будзе вольным ад умоўнасьцяў» ідэнтыфікаваць яго як журналіста.