Урад Расеі ўхваліў законапраект, які дазваляе вырошчваць на тэрыторыі Расеі наркатычныя расьліны. Дакумэнт закліканы замяніць імпарт замежнай сыравіны для наркатычных лекавых прэпаратаў ва ўмовах санкцыяў, паведамляе РБК са спасылкай на кіраўніка Міністэрства прамысловасьці і гандлю Расеі Дзяніса Мантурава.
Цяпер у Расеі зарэгістраваныя 13 опіюмных прэпаратаў, зь іх 9 уключаныя ў пералік жыцьцёва важных, але ніводзін не вырабляецца паводле поўнага цыклю, адзначае РБК. Пры гэтым фэдэральны закон «Аб наркатычных сродках і псыхатропных рэчывах» забараняе вырошчваньне наркатычных расьлінаў на тэрыторыі краіны.
Мантураў адзначыў, што цяпер Расея закупляе за мяжой амаль 100 адсоткаў субстанцыі для абязбольвальных лекаў, якія зьмяшчаюць наркотыкі. Міністарка аховы здароўя Вераніка Скварцова адзначыла, што 9 з 10 краін, у якіх робяць такія закупкі, увялі санкцыі ў дачыненьні да Расеі. Іх словы цытуе ТАСС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня так жорстка, як у Беларусі. Што пагражае «за наркотыкі» ў суседніх краінах- Ніводная з краінаў, якія ўводзілі санкцыі супраць Расеі, ня ўводзіла забароны на экспарт лекавых прэпаратаў у краіну. Аднак у Расеі разглядаўся законапраект, які дазваляе абмежаваць імпарт лекаў з такіх дзяржаваў. Пазьней гэтая норма была прыбраная з прынятага дакумэнту.
- У тлумачальнай запісцы да законапраекту (ёсьць у распараджэньні Радыё Свабода) указваецца, што закон прадугледжвае дазволіць вырошчваньне на тэрыторыі Расеі гатункаў снатворнага маку і перапрацоўку макавай саломы. Разам з тым дакумэнт не вызначае фінальны сьпіс расьлінаў, дазволеных да культываваньня. Ён прапануе экспэртам дапоўніць пастанову ўраду, дзе ў сьпіс дазволеных для вырошчваньня расьлінаў цяпер уваходзяць толькі каноплі (выкарыстоўваецца ў прамысловасьці).
- У пералік расьлінаў, якія зьмяшчаюць наркатычныя сродкі або псыхатропныя рэчывы ці іхныя прэкурсары і падлягаюць кантролю на тэрыторыі Расеі, згодна з пастановай ураду, цяпер уваходзяць розныя віды маку, каноплі, шалфей прадказальнікаў, мэскалінавы кактус і кусты канопляў.