За 30 дзён ваеннага становішча ва Ўкраіну не пусьцілі 1616 грамадзянаў Расеі. Пра гэта паведаміў першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Украіны Сяргей Яравы.
«Беручы пад увагу складаную сытуацыю бясьпекі, усе органы сыстэмы МУС працягваюць працаваць ва ўзмоцненым варыянце нясеньня службы. У тым ліку, рашэньнем Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны падоўжанае дзеяньне абмежавальных захадаў Дзяржпагранслужбы ўезду ва Украіну мужчын — грамадзян Расіі. З пачатку ўвядзеньня ваеннага становішча не дапушчаны ўезд на тэрыторыю Ўкраіны 1616 грамадзян РФ, у тым ліку ў абласьцях, дзе ўведзена ваеннае становішча — 866», — адзначыў Яравы.
Ён дадаў, што расейскі бок не прапусьціў празь мяжу 351 грамадзяніна Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Завершылася ваеннае становішча ў абласьцях УкраіныВыступаючы на пасяджэньні РНБА прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў аб завяршэньні дзеяньня ваеннага становішча, уведзенага вечарам 26 лістапада на месяц пасьля нападу расейскіх сілавікоў на ўкраінскія караблі.