Дзяржаўную манаполію на страхаваньне жыцьцяў беларусаў задумалі скасаваць

Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства фінансаў Беларусі вырашыла лібэралізаваць рынак страхаваньня, паведамляе БелаПАН. Праект рашэньня ўжо гатовы, але пастановы пакуль не падпісаныя.

У часопісе Мінфіну «Финансы, учёт, аудит» начальнік галоўнага ўпраўленьня страхавога нагляду Сяргей Асенка расказаў, што плянуецца скасаваць дзяржаўную манаполію на страхаваньне жыцьця і даць права на такое страхаваньне прыватным кампаніям.

Таксама Мінфін «асэнсоўвае неабходнасьць больш глыбокага разьвіцьця канкурэнцыі» ў галіне страхаваньня. Асенка пералічвае: заканадаўства забараняе прыватным кампаніям аказваць паслугі па абавязковых відах страхаваньня і страхаваць маёмасныя інтарэсы дзяржаўных юрыдычных асобаў, а дзяржаўным арганізацыям забараняецца разьмяшчаць рэсурсы страхавых рэзэрваў у прыватных банках. Ці значыць гэты пералік, што лібэралізацыя будзе тычыцца менавіта названых абмежаваньняў, не ўдакладняецца.

З 16 страхавых кампаніяў Беларусі палова — у дзяржаўнай уласнасьці. На долю дзяржаўных кампаніяў за 2017 год прыпала 88% валавых страхавых прэміяў (унёскаў).